Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак: марыялогія на службе братэрству і дыялогу

Пра месца марыялогіі ў вучэнні Пантыфікаў нагадаў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў ХХIV Урачыстага публічнага пасяджэння Папскіх акадэмій. Яно прайшло вечарам 4 снежня 2019 г. у Ватыкане.

У звароце да ўдзельнікаў сходу Святы Айцец спаслаўся на яго тэму: “Марыя – шлях міру паміж культурамі”. Ён заўважыў, што на працягу ХХ ст. Папы заклікалі глядзець на Марыю як на “маяк міра для неспакойнага і спалоханага чалавецтва”, “настаўніцу чалавечнасці”, сведку “перамогі надзеі над трывогай, міра над збянтэжанасцю, адзінства над самотнасцю, радасці і прыгажосці над смуткам і агідай, вечных перспектыў над часовымі, жыцця над смерцю”.

Францішак нагадаў заклік св. Яна Паўла ІІ да таго, каб “Маці Адкупіцеля стала прычынай і натхненнем для абноўленай сустрэчы і зноў адшуканага братэрства”, і каб марыялогія заняла важнае месца ў тэалагічнай універсітэцкай фармацыі і дыялогу паміж навукамі. У сваю чаргу, Бэнэдыкт XVI заклікаў тэолагаў да глыбокага вывучэння адносін паміж марыялогіяй і тэалогіяй Слова.

Папская міжнародная марыйная акадэмія заўсёды служыла вучэнню Пантыфікаў, што яскрава сведчыць пра важнасць марыялогіі “для дыялогу паміж культурамі, здольнага ўмацоўваць братэрства і мір”, - падсумаваў Святы Айцец.

Сходы Папскіх акадэмій адбываюцца штогадова з 1995 г. Па традыцыі, адна з іх уручае прэміі за дасягненні ў той сферы навукі, у якой спецыялізуецца. Сёлета гэта зрабіла Папская міжнародная марыйная акадэмія. Лаўрэаты з Партугаліі і Румыніі атрымалі ўзнагароды з рук кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

Марыялогія – гэта раздзел дагматычнай тэалогіі, які тычыцца Панны Марыі. Адным з піянераў марыйнай пабожнасці і марыялогіі ў Касцёле быў св. Людовік Марыя Грыньён дэ Манфор, вядомы сваім “Трактатам пра сапраўднае ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі”, дзе развівае канцэпцыю добраахвотнага і давернага прысвячэння сябе Багародзіцы.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 снежня 2019, 12:00