Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра здольнасць кіно аб’ядноўваць людзей

Пантыфік нагадаў пра надзвычайную здольнасць кіно аб’ядноўваць людзей, стымуляваць крэатыўнасць і фармаваць позірк на рэчаіснасць. Аб гэтым ён казаў 7 снежня 2019 г.

Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Каталіцкай асацыяцыі аператараў кінапаказаў – касцёльнай арганізацыі, якая спрыяе дзейнасці парафіяльных і грамадскіх кінатэатраў, дзелячыся з імі матэрыяламі са свайго вялікага кінаархіву, а таксама аказваючы тэхнічную падтрымку кіназалам.

Францішак заўважыў, што кіно – гэта моцны інструмент аб’яднання. Ён прыгадаў як у пасляваенны час кінапрагляды дапамагалі аднавіць сувязі паміж людзьмі, знішчаныя перажытымі трагедыямі. Сярод кінастужак таго часу Папа асаблівым чынам адзначыў фільм італьянскага рэжысёра Віторыа Дэ Сікі “Дзеці глядзяць на нас” (I bambini ci guardano).

“Заклікаю вас будаваць адзінства паміж сабой, а таксама паміж асацыяцыямі і арганізацыямі, якія ў каталіцкім свеце займаюцца кіно, каб перадаваць прыгажосць прабывання разам на падзеях, якія вы арганізуеце. Без адзінства, аб’яднанню не хапае душы”, - падкрэсліў ён.

Пантыфік звярнуў увагу сваіх гасцей на выклікі, якія лічбавыя платформы ставяць перад традыцыйнымі медыя. У сувязі з гэтым ён заахвоціў да крэатыўнасці і адвагі ў пошуку новых шляхоў, да інтэгральнага навяртання, якое вымагае багацця і глыбіні кожнага. “Патрэбны мужнасць і крэатыўнасць, каб крочыць наперад і не застацца на ўзбочыне інавацый”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на тое, што прагляд кінафільмаў можа выклікаць розныя пачуцці ў чалавека, а таксама фармаваць яго позірк на рэчаіснасць. “Позірк – фундаментальны для будавання супольнасці. Вы цудоўна ведаеце наколькі важна пераадолець частаколы мінулага, каб скірававацца да сцяжынак будучыні”, - падкрэсліў у сваёй прамове Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

07 снежня 2019, 12:57