Пошук

Папа падчас візіту ў рымскі "Caritas" Папа падчас візіту ў рымскі "Caritas" 

Папа ў “Caritas”: наследаваць прыклад “вар’яцтва” любові

Папа наведаў цэнтр рымскай “Caritas”, дзе сустрэўся з гасцямі, валанцёрамі і супрацоўнікамі дабрачыннай арганізацыі. Візіт прайшоў вечарам 29 лістапада 2019 г.

Пантыфік звярнуў увагу на той факт, што ўсіх людзей аб’ядноўвае ўразлівасць. “Мы ўсе ўразлівыя, і калі нехта працуе ў “Caritas”, павінен прызнаць гэта. Толькі той, хто вызнае ўласную ўразлівасць, здольны распазнаць яе ў іншых і дапамагаць ім”, - падкрэсліў ён.

Францішак заўважыў, што сам Бог пажадаў стаць уразлівым: не меў дому, каб нарадзіцца, пакутаваў ад пераследу, перажыў драму ўцёкаў у іншую краіну, быў бедным і мігрантам. У гэтым мы блізкія з Богам і таму можам размаўляць з Ім без страху.

Святы Айцец заўважыў, што бедным не магчыма дапамагаць на дыстанцыі, трэба дакранацца да іх ран, бо толькі такім чынам можна ўсвядоміць уласныя раны. Гэта ласка, якую нам даюць бедныя: дзякуючы ім, разумеем, што і мы з’яўляемся ўразлівымі, патрабуем збаўлення, добрага слова, Брата, Якім ёсць Хрыстус.

Напрыканцы звароту Папа нагадаў, што Евангелле трэба абвяшчаць праз сведчанне, асабліва праз сведчанне міласэрнасці. Трэба наследаваць Добрага Самараніна, міласэрны ўчынак якога для многіх быў вар’яцтвам. Трэба крочыць шляхам гэтага “вар’яцтва” любові і міласэрнасці, “вар’яцтва” раздзялення з іншымі ўласнай уразлівасці, - лічыць Францішак.

Візіт Папы ў рымскую “Caritas” быў прымеркаваны да 40-годдзя дзейнасці гэтай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі ў Вечным горадзе.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 лістапада 2019, 09:44