Пошук

Vatican News

Папа: той, хто забыў пра смерць, ужо пачаў паміраць

Смерць нагадвае нам пра немагчымасць быць усім, усё разумець і ахопліваць, гэта аплявуха па твары нашай ілюзіі усемагутнасці, - запэўніў Святы Айцец.

У апошні дзень IV Міжнароднай сустрэчы моладзі, якая праходзіла з 28 па 31 кастрычніка 2019 г. у Мехіка, сталіцы Мексікі, Францішак скіраваў да яе ўдзельнікаў адмысловы відэазварот. У ім Пантыфік звярнуў увагу на важнасць разважанняў адносна смерці – тэмы, якую не абмінулі і ўдзельнікі сустрэчы, што праходзіла якраз напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых і Успаміну ўсіх памерлых вернікаў.

“Пытанне смерці – гэта пытанне жыцця, і пакідаць адкрытым гэтае пытанне – бадай што, найвялікшая чалавечая адказнасць для таго, каб падтрымлівалася адкрытым пытанне жыцця”, - заўважыў Папа.

“[Як словы нараджаюцца з цішыні і ў ёй паміраюць, дазваляючы нам пачуць іх сэнс, так адбываецца і з жыццём. Гэта можа здавацца парадаксальным, але менавіта смерць дазваляе жыццю заставацца жывым!]”

 - сказаў Пантыфік.

Па яго словах, смерць нагадвае “пра немагчымасць быць усім, усё разумець і ахопліваць”. “Гэта аплявуха па твары нашай ілюзіі усемагутнасці. Смерць вучыць нас стасункам з таямніцай, даверу, каб скакаць у пустэчу і ўсведамляць, што не ўпадзём, не патонем, што заўсёды прысутны Хтосьці, хто нас падтрымае, перад смерцю і пасля яе”, - адзначыў Францішак.

Ён заўважыў, што можа здацца, нібы ў сучасным свеце, “які абагаўляе аўтаномію, самадастатковасць і самарэалізацыю”, няма месца для роздуму над немінучасцю смерці. “Аднак забыццё пра смерць – гэта яе пачатак. (...) Той, хто забыў пра смерць, ужо пачаў паміраць”, - перасцярог Святы Айцец.

Напрыканцы свайго звароту Францішак заклікаў моладзь памятаць, што “калі смерць і не мае апошняга слова, то толькі таму, што пры жыцці мы навучыліся паміраць за іншага”.

Арганізатарамі IV Міжнароднай сустрэчы моладзі выступілі Папскі фонд “Scholas Occurrentes”, які аб’ядноўвае каля 400 тыс. дзяржаўных і рэлігійных адукацыйных устаноў у больш чым 70 краінах свету з мэтай супрацоўніцтва ў сферы спорту, мастацтва і тэхналогій, і яўрэйская некамерцыйная арганізацыя “World ORT”, якая займаецца пытаннямі прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі. Папярэднія Міжнародныя сустрэчы моладзі, залучанай у працу “Scholas Occurrentes”, прайшлі ў Ватыкане ў 2016 г., у Святой Зямлі ў 2017 г. і ў Аргентыне ў 2018 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лістапада 2019, 11:01