Пошук

Vatican News
Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў форума Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў форума Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў  (Vatican Media)

Папа пра новыя выклікі для каталіцкай акадэмічнай супольнасці

Фарміраванне сапраўдных лідараў дасягае сваёй мэты, калі палягае на развіцці не толькі інтэлекту, але і “сэрца”, сумлення, практычных здольнасцей студэнтаў, - адзначыў Пантыфік.

4 лістапада 2019 г. ён прыняў у Ватыкане ўдзельнікаў форума Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў, прысвечанага тэме: “Новыя межы для ўніверсітэцкіх лідараў. Будучыня здароўя і экасістэмы ўніверсітэта”.

Францішак адзначыў, што сёння ўніверсітэцкая сістэма сутыкаецца з новымі праблемамі, якія ўзнікаюць у выніку развіцця навук, новых тэхналогій і патрэб грамадства. І ўсё гэта запрашае акадэмічную супольнасць даць адпаведныя і актуальныя адказы. На яго думку, “універсітэты сёння павінны разгледзець, які ўклад яны могуць і павінны ўнесці ў цэласнае здароўе чалавека і ў інклюзіўную экалогію”. Прычым, калі гэтыя праблемы тычацца ўніверсітэцкай сістэмы ў цэлым, каталіцкія ВНУ павінны адчуваць іх яшчэ больш востра.

“Старыя і новыя праблемы трэба вывучаць у іх спецыфіцы і непасрэднасці, але заўсёды ў асабістай і глабальнай перспектыве”

, - перакананы Папа.

Францішак звярнуў увагу, што, калі адукацыя зводзіцца да простага тэхнічнага навучання і грунтуецца на перакананні, што можна перадаваць веды, абстрагуючыся ад іх этычнага вымярэння, яна становіцца разбуральнай. Ён прапанаваў “зыходзіць з ідэі адукацыі, задуманай як тэлеалагічны працэс, абавязкова арыентаваны на канец, а значыць, на дакладнае бачанне чалавечай асобы”.

Пантыфік лічыць, што ўніверсітэт – гэта, у першую чаргу, свядомасць, але і інтэлектуальная і маральная сіла, адказнасць якой выходзіць за рамкі адукацыі і распаўсюджваецца на патрэбы ўсяго чалавецтва. Ён заклікаў Міжнародную федэрацыю каталіцкіх універсітэтаў прыняць маральны імператыў да большага аб’яднання з міжнароднай акадэмічнай супольнасцю.

Рэпартаж з Апостальскага палацу

У фарміраванні акадэмічных лідараў навукова-тэарэтычныя веды павінны спалучацца з адчувальнасцю вучонага і даследчыка, - заўважыў Францішак. На яго думку, кожны навуковец, кожны чалавек культуры, як і экасістэма акадэмічных устаноў павінны быць настроены на служэнне.

Міжнародная федэрацыя каталіцкіх універсітэтаў (Fœderatio Universitatum Catholicarum) афіцыйна паўстала пасля Другой сусветнай вайны. Яна была прызнана папскім дэкрэтам у 1948 г. Сучасную назву носіць з 1965 г. Актыўна супрацоўнічае з Кангрэгацыяй каталіцкай адукацыі. Сёння ў яе ўваходзяць больш за 200 каталіцкіх ВНУ.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 лістапада 2019, 12:46