Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: патрэбна культурная рэвалюцыя дзеля сучасных укрыжаваных

Здзейсніць культурную рэвалюцыю на карысць “сучасных укрыжаваных”, заклікаў Папа прадстаўнікоў Сакратарыяту Таварыства Езуса па пытаннях сацыяльнай справядлівасці і экалогіі.

Францішак прыняў езуітаў на аўдыенцыі 7 лістапада 2019 г. у Ватыкане. Яна была прымеркавана да 50-годдзя структуры ордэна, створанай для дапамогі бедным.

Святы Айцец заўважыў, што служэнне тым, хто пакутуе ад нястачы, было асаблівым заданнем Таварыства Езуса ад самага яго заснавання. Ён нагадаў сваім гасцям, што яны атрымалі вельмі каштоўны дар: магчымасць сустрэцца з Хрыстом у асяроддзі пакрыўджаных і бедных. “Сустрэча з Хрыстом сярод Яго ўмілаваных – гэта выраз нашай веры”, - дадаў ён.

Пантыфік звярнуў увагу на шматлікія праявы несправядлівасці ў сучасным свеце, такія як войны і насілле, гандаль людзьмі і ксенафобія, эгаістычны пошук нацыянальных інтарэсаў і няроўнасць паміж краінамі, якая пастаянна расце, экалагічныя праблемы, што ўдараюць па самых бедных.

Каб канкрэтным чынам ісці за Езусам у такіх сітуацыях, паводле Святога Айца, трэба суправаджаць ахвяр і выкрываць зло. Адказам на выклікі павінна стаць “культурная рэвалюцыя”, трансфармацыя поглядаў і паводзін, - падкрэсліў ён.

Францішак адзначыў патрэбу ў пераменах, якія б закранулі грамадскія структуры, робячы іх больш уважлівымі да самых апошніх. Ён заклікаў езуітаў здзяйсняць сацыяльнае служэнне ў розных сферах з крэатыўнасцю, пастаянным абнаўленнем, у супрацоўніцтве з касцёльнымі і грамадскімі ўстановамі.

Паводле Папы, бедныя павінны адчуваць адказнасць за свой лёс і самаарганізоўвацца, што дазволіць ім стаць сапраўднымі “грамадскімі паэтамі”. Дапамагаць людзям, адрынутым сусветным рынкам, трэба праз стварэнне працоўных месцаў, будаванне дамоў, вытворчасць ежы.

Святы Айцец падкрэсліў, што сацыяльнае душпастырства павінна весціся не толькі для вырашэння праблем, але і для вяртання людзям надзеі, дапамогі ва ўсведамленні ўласных правоў, раскрыцця патэнцыялу і заахвочвання да будавання сваёй будучыні.

Пантыфік заклікаў езуітаў не пераставаць маліцца і дзяліцца блізкасцю з самымі беднымі. “У нашым падзеленым свеце існуе патрэба ў будаванні мастоў, каб сустрэча паміж людзьмі дазволіла кожнаму з нас распазнаць у бедным прыгожае аблічча брата”, - сцвердзіў Францішак.

07 лістапада 2019, 13:21