Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANN WANG)

Францішак да моладзі Тайланда: маліцца і знаходзіцца на шляху

Папа заклікаў каталіцкую моладзь Тайланда ніколі не спыняцца ў імкненні да шчаслівага жыцця, трымаючы сэрцы адкрытымі на Бога і не апускаючы рукі пасля падзенняў.

Вечарам 20 лістапада 2019 г. у будынку Апостальскай нунцыятуры ў Бангкоку Пантыфік запісаў кароткі відэазварот да тайландскай каталіцкай моладзі, якая сабралася на малітоўнае чуванне з нагоды візіту Наступніка св. Пятра.

“Ведаю, што ў вас праходзіць малітоўнае чуванне, ведаю што вы моліцеся. Я ведаю таксама, што многія іншыя з вас знаходзяцца ў дарозе, крочаць сюды. Усё гэта цудоўна: маліцца і знаходзіцца на шляху! У жыцці павінны прысутнічаць гэтыя два элементы: трэба мець сэрца, адкрытае на Бога, бо ад Яго атрымліваем сілу, а таксама крочыць, таму што ў жыцці нельга спыняцца. Малады чалавек не можа сыходзіць у адстаўку ў 20-гадовым узросце, ён павінен быць у дарозе! Заўсёды, заўсёды на шляху ўгару!”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак нагадаў моладзі, што шчасця не магчыма дасягнуць, калі заставацца нерухомымі, калі “праводзіць жыццё на канапе”, апускаючы рукі перад абліччам цяжкасцей, адсутнасцю працы ці няпэўнай будучыні. Папа заклікаў юнакоў і дзяўчат заўсёды ўздымацца пасля падзенняў і настойліва працягваць будаваць сваю жыццё. “Прыкладай высілкі і здабудзеш неймавернае шчасце, гэта я гарантую”, - завяршыў свой зварот Пантыфік.

22 лістапада 2019 г. у катэдральным касцёле Бангкока Святы Айцец будзе цэлебраваць адмысловую Эўхарыстыю, у якой прыме ўдзел тайландская моладзь.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лістапада 2019, 12:33