Пошук

Vatican News

Папа: будаваць масты з тымі, хто не верыць ці верыць інакш

Будаваць масты з тымі, хто не верыць у Бога ці верыць інакш, заклікаў Папа 6 лістапада 2019 г. у Ватыкане падчас агульнай аўдыенцыі, працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў (Дз 15-34).

Францішак нагадаў, што пасля выпрабаванняў, спазнаных у Філіпах, Тэсалоніках і Бэрэі, апостал Павел накіраваўся ў Атэны, у самае сэрца Грэцыі.

“Гэты горад, які жыў у цені старажытнай славы, нягледзячы на палітычны заняпад, яшчэ захоўваў культурнае першынства. Тут апостал “абураўся на від горада, перапоўненага ідаламі”. Аднак, гэта “сутыкненне” з язычніцтвам не прымусіла яго да ўцёкаў, але падштурхнула будаваць мост для дыялогу з гэтай культурай”, - заўважыў Папа.

Павел вырашыў бліжэй пазнаёміцца з горадам і пачаў наведваць самыя значныя месцы і паважаных людзей: сінагогу, сімвал рэлігійнага жыцця; плошчу – сімвал грамадзянскага жыцця; арэапаг – сімвал палітычнага і культурнага жыцця. Ён сустракаўся з юдэямі, філосафамі, эпікурэйцамі, стоікам і многімі іншымі.

“Павел назіраў за культурай і асяроддзем Атэн з “кантэмпляцыйным позіркам”, што “адкрывае Бога, Які жыве дамах горада, на яго вуліцах і плошчах”. Павел глядзеў на Атэны і язычніцкі свет не варожа, але вачыма веры. І гэта прымушае нас задумацца аб тым, як мы глядзім на нашы гарады: назіраем за імі з абыякавасцю, з пагардай ці з верай, якая дапамагае заўважаць дзяцей Божых у безыменным натоўпе?”, - спытаў Папа.

Францішак заўважыў, што на атэнскім арэапагу, Павел даў надзвычайны прыклад інкультурацыі паслання веры: абвяшчаў Езуса Хрыста ідалапаклоннікам, не нападаючы на іх, але становячыся “пантыфікам – будаўніком мастоў”.

Павел спаслаўся на гарадскі алтар, прысвечаны“Невядомаму Богу”, і адштурхоўваючыся ад яго, пачаў абвяшчаць сваім суразмоўцам, што Бог “жыве сярод грамадзян” і “не хаваецца ад тых, хто Яго шукае шчырым сэрцам, хоць яны робяць гэта навобмацак”. Менавіта гэту прысутнасць жадаў паказаць Павел: “Тое, чаму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я абвяшчаю вам”, - нагадаў словы апостала Пантыфік.

Відэатрансляцыя агульнай аўдыенцыі

Францішак звярнуў увагу на тое, што, паказваючы тоеснасць бога, якому пакланяліся жыхары Атэн, апостал пачаў ад біблійнай веры ў Бога Аб’яўлення, потым распавёў пра адкупленне і суд – хрысціянскае пасланне. Павел тлумачыў, што Стварыцель прагне, каб Яго шукалі і каб кожны чалавек мог Яго знайсці. Ён заклікаў сваіх суразмоўцаў да навяртання, нагадваючы пра непазбежны суд, і распавёў ім пра Езуса Хрыста, акрэсліваючы Яго як “Чалавека, якога прызначыў” Бог, і “даў доказ усім, уваскрасіўшы Яго з мёртвых”.

“І тут узнікла праблема. Слова Паўла, якое дагэтуль прымушала яго суразмоўцаў слухаць на адным дыханні, паколькі было для іх цікавым адкрыццём, натрапіла на перашкоду: смерць і ўваскрасенне Хрыста ім падалося “глупствам”, выклікала кпіны і здзекі. Тады Павел адышоў: здавалася, што яго спроба пацярпела паразу, але некаторыя людзі прынялі яго слова і адкрыліся на веру. Сярод іх быў мужчына, Дыянізій, член арэапагу, і жанчына па імені Дамарыс. Таксама і ў Атэнах укаранілася Евангелле і магло загучаць на два галасы: мужчынскі і жаночы”, - заўважыў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў быць адкрытымі на культуру і людей, якія не вераць у Бога ці вераць іншым чынам. “Заўсёды будаваць масты, заўсёды трымаць руку працягнутай, без ніякай агрэсіі. Будзем прасіць аб здольнасці інкультурацыі паслання веры з далікатнасцю, гледзячы на тых, хто не ведае Хрыста, кантэмпляцыйным позіркам, які кіруецца любоўю, што распальвае нават самыя зацвярдзелыя сэрцы”, - заклікаў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 лістапада 2019, 12:00