Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з японскай моладзю Папа падчас сустрэчы з японскай моладзю 

Пантыфік даў старт працы сядзібы “Scholas Occurentes” у Японіі

Папа падзякаваў японскай моладзі, якая прымае ўдзел у ініцыятывах Папскага фонда “Scholas Occurentes”. Ён сустрэўся з юнакамі і дзяўчатамі 25 лістапада 2019 г. у Апостальскай нунцыятуры ў Токіо.

Візіт Святога Айца ў Японію стаў нагодай для афіцыйнага адкрыцця сядзібы адукацыйнай сеткі “Scholas Occurentes” у гэтай краіне. Яна пачала дзейнічаць у горадзе Сэндай і стала першай не толькі на тэрыторыі Японіі, але ўсяго азіяцкага кантынента. На сённяшні дзень у свеце налічваецца трынаццаць цэнтраў гэтай ініцыятывы.

Падчас сустрэчы з Францішкам маладыя людзі распавялі пра турботы японскай моладзі, падзяліліся досведам і прапановамі па фармаванні будучых лідараў. Юнакі і дзяўчаты прызналіся, што ўдзел у праектах Папскага фонда дапамагае ім будаваць больш справядлівы і мірны свет.

“Праз удзел у праграмах “Scholas Occurentes” мы ўбачылі, што існуюць рэчы, якія не магчыма выказаць з дапамогай лічбаў ці логікі, бо знаходзяцца ў чалавечым сэрцы”, - прызнаўся 18-гадовы Сэйджы Танака.

Святы Айцец нагадаў моладзі, што сапраўдная мудрасць заключаецца не ў тым, каб проста напаўняць розум ідэямі, але каб быць творчымі, каб ідэі знаходзілі выраз у думках, пачуццях і ўчынках. Важна выходзіць насустрач новаму, не закрывацца ў рамках сваіх ідэй, не баяцца рызыкаваць, - перакананы Пантыфік.

“Scholas Occurrentes” – гэта сетка адукацыйных праграм, ініцыяваных Францішкам яшчэ падчас яго служэння ў Буэнас-Айрэсе. Яна аб’ядноўвае каля 500 тыс. дзяржаўных і рэлігійных адукацыйных устаноў у больш чым 190 краінах. Яны супрацоўнічаюць у сферы спорту, мастацтва і тэхналогій. У 2015 г. Святы Айцец надаў “Scholas Occurrentes” статус Папскага фонду.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 лістапада 2019, 13:54