Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа сустрэўся з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі

Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі, сярод якіх былі ўдзельнікі Сінода Біскупаў і іншых ініцыятыў, што праходзяць у Рыме.

Кароткая сустрэча адбылася вечарам 17 кастрычніка 2019 г. У ёй прымалі ўдзел каля 40 чалавек. Пантыфіка суправаджаў арцыбіскуп Хокэ Палоскі, пастыр дыяцэзіі Порту-Вэлью ў Бразіліі, і кардынал Клаўдыё Хумэс, Генеральны рэлятар Сінода Біскупаў па Амазоніі.

Прадстаўнікі карэннага насельніцтва Панамазонскага рэгіёну падзякавалі Францішку за скліканне Сінода і папрасілі аб дапамозе ў ажыццяўленні прагнення спакойнага і шчаслівага жыцця іх народаў, у справе абароны зямлі і водных рэсурсаў Амазоніі, каб гэтым багаццем маглі карыстацца іх нашчадкі.

Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі
Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі

Пантыфік звярнуўся да сваіх гасцей, падкрэсліваючы, што Евангелле падобна на зерне, што трапляе ў зямлю і ўзрастае, маючы характарыстыкі менавіта той глебы, у якой знаходзіцца. Гаворачы пра сітуацыю ў Панамазонскім рэгіёне, ён звярнуў увагу на небяспеку новых форм каланізацыі.

Спасылаючыся на вытокі хрысціянства, якое зарадзілася ў яўрэйскім свеце, развівалася ў грэка-рымскім, а потым дасягнула іншых абшараў, сярод якіх славянскі і амерыканскі, Папа заўважыў, што Евангелле павінна інкультурыравацца, “каб народы атрымлівалі пасланне Езуса ва ўласнай культуры”.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 кастрычніка 2019, 08:38