Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з экспертамі ў гісторыі Касцёла ў Лацінскай Амерыцы Папа падчас сустрэчы з экспертамі ў гісторыі Касцёла ў Лацінскай Амерыцы  (Vatican Media)

Папа прыняў экспертаў у гісторыі Касцёла ў Лацінскай Амерыцы

Папа прыняў удзельнікаў Міжнароднага кангрэсу, прысвечанага 40-годдзю ІІІ Генеральнай асамблеі епіскапатаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага рэгіёну, якая праходзіла ў 1979 г. у мексіканскім горадзе Пуэбла.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Святы Айцец заўважыў, што лацінаамерыканскі касцёльны форум у свой час стаў адной з фундаментальных падзей, “сапраўдным скрыжаваннем” у гісторыі Паўсюднага Касцёла і Касцёла ў Лацінскай Амерыцы.

Папа падкрэсліў вялікае значэнне асамблеі для фарміравання самасвядомасці Касцёла ў рэгіёне; ажыўлення эклезіялогіі ў духу Другога Ватыканскага Сабора; інкультурацыі марыялогіі; евангелізацыі культуры і народнай пабожнасці; крытычнага погляду на сітуацыю з правамі чалавека і свабодамі ў Лацінскай Амерыцы.

Крыніцай натхнення для форума была Апостальская адгартацыя Паўла VI “Evangelii nuntiandi” – “лепшы паслясаборны душпастырскі дакумент, які застаецца актуальным і сёння”. У сваю чаргу адгартацыя “Evangelii gaudium” з’яўляецца “элегантным плагіятам” з гэтага дакумента і выніковага дакумента сустрэчы лацінаамерыканскіх біскупаў у Апарэсідзе, - пажартаваў Пантыфік.

Ватыканскі кангрэс, прысвечаны ІІІ Генеральнай асамблеі епіскапатаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага рэгіёну, прайшоў напярэдадні Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, па ініцыятыве Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі і Папскага камітэта гістарычных навук.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 кастрычніка 2019, 14:27