Пошук

1571211740411.jpg

Папа на агульнай аўдыенцыі: адкрыцца на паўсюднасць збаўлення

Сапраўдны евангелізатар не можа быць перашкодай для творчай дзейнасці Бога, падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 16 кастрычніка 2019 г. прайшла на плошчы св. Пятра.

На пачатку катэхезы Пантыфік падкрэсліў, што Бог прагне, каб Яго дзеці перамаглі адасобленасць і “адкрыліся на паўсюднасць збаўлення”, таму што Яго жаданне – збаўленне ўсіх. Ахрышчаныя пакліканы выйсці за прывычныя рамкі і адкрыцца на іншых, жыць такой блізкасцю, якая “пераўтварае ўсе міжасобасныя адносіны ў досвед братэрства”.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, Францішак спаслаўся на ўрывак, у якім гаворка пра візію, “справакаваную” Богам для змены ладу мыслення Пятра. Калі апостал маліўся, убачыў вялікае палатно, што спускалася з неба, напоўненае чацвераногімі жывёламі, паўзунамі, нябеснымі птушкамі. Будучы добрым юдэем ён сказаў, што ніколі не еў нічога нячыстага, як прадпісана Законам. Тады голас адказаў яму: “Тое, што Бог ачысціў, не называй апаганеным” (Дз 10,15).

“[Праз гэта здарэнне Пан прагнуў, каб Пётр больш не ацэньваў падзеі і людзей у катэгорыях чыстага і нячыстага, але навучыўся сягаць глыбей, глядзець на людзей і памкненні сэрца. Тое, што чалавека робіць нячыстым, насамрэч, паходзіць не звонку, а знутры, з сэрца. Езус выразна пра гэта сказаў]”

, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў, што пасля візіі Бог паслаў Пятра ў дом да неабрэзанага чужынца па імені Карнэлій, “сотніка, з кагорты, што называлася Італьскай, пабожнага і багабойнага”, які “даваў вялікую міласціну і заўсёды маліўся Богу” (пар. Дз 10,48). У доме язычнікаў апостал абвяшчаў Хрыста, укрыжаванага і ўваскрослага, а таксама прабачэнне грахоў усім, хто паверыць у Яго. Калі ён прамаўляў, на Карнэліяй і яго родных сышоў Святы Дух. Пётр жа ахрысціў іх у імя Езуса Хрыста.

“[Пра гэты надзвычайны факт – бо падобнае здарылася ўпершыню, – даведаліся ў Ерузалеме, дзе браты, абураныя ўчынкам Пятра, рэзка дакаралі яго. Пётр зрабіў штосьці, што выходзіла за рамкі прывычнага, выходзіла за рамкі закону, і дакаралі яго менавіта за гэта]”

, - падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Папы, пасля сустрэчы з Карнэліем, Пётр “быў больш свабодным ад самога сябе і больш паяднаным з Богам і іншымі, бо бачыў Божую волю ў дзейнасці Святога Духа”. “Такім чынам, можна зразумець, што выбранне Ізраэля не было ўзнагародай за заслугі, але бескарыслівым пакліканнем да быцця Боскімі пасрэднікамі сярод язычніцкіх народаў”, - заўважыў Францішак.

“Дарагія браты, будзем вучыцца ад Князя Апосталаў таму, што евангелізатар не можа быць перашкодай для творчай дзейнасці Бога, “Які хоча, каб усе людзі былі збаўлены” (1Цім 2,4), але тым, хто садзейнічае сустрэчы сэрцаў з Панам. А як мы паводзім сябе з нашымі братамі, асабліва з нехрысціянамі? Ці не з’яўляемся перашкодай для іх сустрэчы з Богам? Перашкаджаем іх сустрэчы з Айцом ці палягчаем яе?”, - заклікаў да рахунку сумлення Папа.

На заканчэнне катэхезы Францішак заахвоціў вернікаў маліцца аб ласцы ўмення “здзіўляцца Божым сюрпрызам, не перашкаджаць Яго творчасці, але распазнаваць і спрыяць заўсёды новым шляхам, праз якія Уваскрослы вылівае свайго Духа на свет і прыцягвае сэрцы”.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 кастрычніка 2019, 12:27