Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак 

Пантыфік на “Анёл Панскі” пра міжнародную сітуацыю

“Гэтыя святыя, дзякуючы евангельскаму сведчанню, спрыялі духоўнаму і грамадскаму развіццю ў сваіх краінах”, - звярнуў увагу Папа 13 кастрычніка 2019 г. у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”.

Гаворка ідзе пра пяцярых благаслаўлёных – з Англіі, Бразіліі, Індыі, Італіі і Швейцарыі, – якіх Францішак абвясціў святымі: англійскага кардынала Джона Генры Ньюмэна і чатырох жанчын: бразільянку, сястру Дульчэ (Марыю Рыту до Суса Брыта Лопэс Понтэс); сястру Марыям Тэрэзію Манкідзіян Чырамэль з Індыі; італьянку, сястру Джозэфіну Ваніні; свецкую верніцу з Швейцарыі Маргэрытэ Байс.

Пантыфік падзякаваў касцёльным і дзяржаўным дэлегацыям, якія прыехалі з усяго свету на ўрачыстасць кананізацыі. “Я звяртаюся асаблівым чынам да прадстаўнікоў англіканскай супольнасці, выказваючы шчырую падзяку за іх прысутнасць. Таксама вітаю цябе, шаноўны брат, новы біскуп тут, у Рыме”, - сказаў Папа, маючы на ўвазе архіепіскапа Іэна Эрнэста, новага пастаяннага прадстаўніка Англіканскай Царквы пры Святым Пасадзе.

Святы Айцец скарыстаўся магчымасцю, каб звярнуць увагу на міжнародную сітуацыю. “Я зноў думаю пра Блізкі Усход. Асабліва пра дарагую і пакутніцкую Сірыю, адкуль зноў прыходзяць драматычныя навіны пра лёс жыхароў паўночна-ўсходняй часткі краіны, вымушаных пакідаць свае дамы па прычыне ваенных дзеянняў: сярод гэтага насельніцтва таксама шмат хрысціянскіх сем’яў. Аднаўляю свой заклік да ўсіх зацікаўленых бакоў і да міжнароднай супольнасці да шчырага, сумленнага і празрыстага ўзаемадзеяння на шляху дыялогу ў пошуку эфектыўных рашэнняў”, - сказаў Папа.

Францішак прызнаўся, што разам з удзельнікамі Сінода Біскупаў па Амазоніі з заклапочанасцю сочыць за падзеямі апошніх тыдняў у Эквадоры. Ён даручыў краіну, дзе многія людзі загінулі, зніклі без вестак і былі паранены, агульнай малітве і заступніцтву новых святых. “Я заклікаю вас шукаць грамадскага міру, звяртаючы асаблівую ўвагу на найбольш уразлівыя групы насельніцтва, бедных і правы чалавека”, - сказаў Пантыфік.

Пратэсты ў Эквадоры працягваюцца з пачатку кастрычніка. Пратэстоўцы блакавалі дарогі, радовішча нафты, доступ да аэрапорта Кіта, парушылі працу шматлікіх прадпрыемстваў.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 кастрычніка 2019, 13:49