Cerca

Vatican News

Францішак: зразумець народы Амазоніі і служыць ім

Зразумець народы Амазоніі і служыць ім, заклікаў Папа перад пачаткам першай сесіі, якая прайшла 7 кастрычніка 2019 г. у рамках Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне.

Першы працоўны дзень біскупскага форума распачаўся малітвай у ватыканскай базыліцы св. Пятра, пасля якой, удзельнікі асамблеі ва ўрачыстай працэсіі, якую ўпрыгожвалі традыцыйныя спевы прадстаўнікоў карэнных народаў Амазоніі, прайшлі ў Сінадальную залу.

Святы Айцец звярнуўся да сабраных з шчырай прамовай на іспанскай мове. Ён падкрэсліў чатыры галоўныя аспекты форума: душпастырскі, культурны, сацыяльны і экалагічны. Папа заклікаў быць вышэй за ідэалагічную каланізацыю, паважаючы аўтэнтычнасць культур карэнных народаў Амазоніі.

Францішак нагадаў, што Сінод Біскупаў – гэта не круглы стол, не навуковая канферэнцыя і не парламент, а “супольны шлях”, нагода, каб разважаць і дыскутаваць, каб слухаць з пакорай і прамаўляць з мужнасцю, каб распазнаваць і бараніць братэрства.

Паводле Францішка, Касцёл павінен наблізіцца да народаў Амазоніі з далікатнасцю, з павагай да іх гісторыі, ладу жыцця, паэзіі, гледзячы на насельніцтва рэгіёну не ў святле прагматызму ці праграм, накіраваных на сацыяльнае развіццё і ахову культуры, але вачыма вучняў Хрыста і місіянераў, пры гэтым, пазбягаючы празелітызму.

Святы Айцец заклікаў да працы над “Instrumentum laboris”, які назваў “тэкстам-мучанікам”, у сувязі з тым, што яму наканавана змяніцца ці нават цалкам знікнуць у ходзе дыскусій, бо ён з’яўляецца зыходнай кропкай на шляху, па якім будзе весці Святы Дух.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 кастрычніка 2019, 12:02