Пошук

Папа падчас сустрэчы з членамі супольнасці "Abramo" Папа падчас сустрэчы з членамі супольнасці "Abramo" 

Святы Айцец: шлях евангелізацыі – сведчанне, а не празелітызм

Шлях евангелізацыі – сведчанне, а не празелітызм, заўважыў Папа падчас аўдыенцыі для членаў каталіцкай супольнасці “Abramo” (Абрам). Яна прайшла 14 верасня 2019 г. у ватыканскай Зале Паўла VI.

Святы Айцец пажадаў італьянскім католікам, каб прыклад вялікага патрыярха Абрагама натхняў іх жыццё і дзейнасць, а ў першую чаргу, навучыў быць паслухмянымі пакліканню Пана.

“Не мае значэння, якім чынам і пры якіх абставінах Пан аб’яўляецца ў нашым жыцці. Пан – крэатыўны, Ён – Пан сюрпрызаў. Ён прыходзіць, калі мы гэтага не чакаем і паказвае розныя, арыгінальныя шляхі. Ён – і толькі Ён! – ведае месца і час, каб сустрэць кожнага. Тое, што важна – гэта слухаць Яго голас. Каб зразумець Яго слова, трэба слухаць у цішыні...”, - падкрэсліў Пантыфік.

Рэпартаж з аўдыенцыі для супольнасці "Abramo"

Францішак заўважыў, што для таго, каб быць добрымі евангелізатарамі, таксама трэба, па прыкладзе Абрагама, даверыцца Богу і быць гатовымі вырушыць, выйсці ў шлях. Гэта трэба рабіць не аднойчы, але набыць свайго роду “зыходны” лад жыцця.

Святы Айцец нагадаў, што шляхам евангелізацыі павінен быць не празелітызм, а сведчанне, бо Касцёл пашыраецца праз прывабнасць. “Вось метадалогія, якой мы пакліканы карыстацца ў евангелізацыйнай дзейнасці. Трэба крочыць поруч з людзьмі нашага часу, слухаць тое, што яны носяць у сэрцах, з дапамогай нашага жыцця даваць ім самы пераканаўчы адказ, які паходзіць ад Бога, праз Езуса Хрыста”, - сказаў ён.

Папа прыгадаў словы св. Францішка Асізскага, які заклікаў сваіх братоў, пасылаючы іх прапаведваць: “Ідзіце, абвяшчайце Евангелле, а калі будзе неабходна, таксама і словамі”. Хрысціянскае сведчанне павінна быць на першым месцы, перакананы Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 верасня 2019, 12:31