Пошук

1567617440465.JPG

Святы Айцец прыбыў у Мазамбік

4 верасня 2019 г. у 18.10 самалёт з Папам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Мапуту. Тут распачалася 31-я замежная і 4-я афрыканская пілігрымка Францішка.

Прама на лётным полі адбылася цырымонія прывітання, на якой прысутнічаў Прэзідэнт Мазамбіка Філіпэ Ньюсі з жонкай, Апостальскі нунцый у краіне, арцыбіскуп П’ержоржа Бертольдзі, і арцыбіскуп Мапуту Франсішку Шымоё.

З аэрапорта Пантыфік адправіўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Мапуту, паколькі заўтра, 5 верасня, яго чакае насычаны дзень: візіт ветлівасці да Прэзідэнта краіны, сустрэча з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, міжрэлігійная сустрэча з моладдзю. Пасля абеду Папа сустрэнецца з біскупамі, святарамі, манахамі, семінарыстамі, катэхетамі і аніматарамі ў архікатэдры і наведае з прыватным візітам Дом “Мацвей 25”.

Насельніцтва Мазамбіка перавышае 27 мільёнаў. Тут налічваецца каля 7,6 мільёнаў католікаў. Краіну ў верасні 1988 г. наведаў Ян Павел II.

04 верасня 2019, 18:31