Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа: паколькі Бог ёсць Любоў, да Яго трэба ісці ў любові

“Жывіце ў вашых супольнасцях так, каб адчуваць Бога і быць здольнымі выяўляць Яго свету”: Францішак прывітаў удзельнікаў Генеральнага капітула Ордэна Аўгустыніянаў Босых, які праходзіць у гэтыя дні ў Рыме.

13 верасня 2019 г. Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў гэтай манаскай супольнасці і звярнуўся да іх з прамовай, у якой засяродзіўся на важнасці жыцця з пастаянным адчуваннем Божай прысутнасці і ў братэрскай любові, якая павінна гэтага вынікаць.

“Вы пакліканы сведчыць пра гарачую, жывую, бачную, заразлівую любоў, праз жыццё ў супольнасці, якое яскрава выяўляе прысутнасць Уваскрослага і Яго Духа”, - адзначыў Папа. Ён нагадаў, што “адзінства ў любові” – гэта цэнтральная адметнасць духоўнасці св. Аўгустына і фундамент жыцця ўсёй супольнасці яго паслядоўнікаў.

Святы Айцец заўважыў, што падтрымліваць жывым гэтае полымя братэрскай любові магчыма толькі дзякуючы бесперапыннаму пошуку Бога – “першай вялікай крыніцы, з якой вынікае кожнае служэнне на карысць Касцёла і чалавецтва”.

“Пошук Бога не можа быць азмрочаны іншымі мэтамі, хоць бы і велікадушнымі і апостальскімі. Таму што гэта вашае першае апостальства. Вы павінны магчы штодня казаць адзін аднаму: мы тут, таму што ідзём да Бога. І паколькі Бог ёсць Любоў, да Яго трэба ісці ў любові”, - сказаў Францішак.

Ён падкрэсліў таксама, што братэрская любоў патрабуе пакоры і лагоднасці, каб браць на сябе штодзённы крыж, бо нашае стаўленне да выпрабаванняў з’яўляецца галоўным вымяральнікам сілы нашай любові.

“Таксама і сёння гэта ваш выклік і вашая адказнасць: жыць у вашых супольнасцях так, каб разам адчуваць Бога і быць здольнымі выяўляць Яго свету!” - заўважыў Пантыфік і пажадаў усім прысутным, каб на гэтым шляху іх заўсёды суправаджала Марыя, Маці Езуса.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 верасня 2019, 13:24