Пошук

Vatican News

Папа: кантэмпляцыя – светач, які вядзе да адзінага Вечнага Агню

Кляўзуровыя манахіні маюць да выканання фундаментальную місію – слухаць сэрца Пана, каб таксама чуць яго ў сваіх братах і сёстрах, перакананы Святы Айцец.

7 верасня 2019 г. Францішак наведаў кляўзуровы жаночы манастыр ордэна кармэлітак босых у Антананарыву. У прысутнасці каля ста законніц ён узначаліў Літургію гадзін.

“У гэтай краіне ёсць беднасць, гэта праўда, але ёсць і вялікае багацце! Яна багатая на прыродную, чалавечую і духоўную прыгажосць. Таксама і вы, сёстры законныя, удзельнічаеце ў гэтай прыгажосці Мадагаскара, яго народу і Касцёла, таму што гэта прыгажосць Хрыста, якая ззяе на вашых тварах і ў вашым жыцці”, - адзначыў ён у сваіх разважаннях, тэкст якіх быў уручаны прысутным.

Каментуючы Псальм 119, Францішак звярнуў увагу на двойчы ўжытае ў ім слова “паглынаць”: псальміста паглынае, па-першае, жаданне сустрэчы з Богам, а па-другое, злыя намеры непрыяцеляў, якія намагаюцца знішчыць справядлівага. На думку Папы, кляўзуровыя законніцы з’яўляюцца “жывым сведчаннем гэтага жадання” – сустрэчы з Панам. “Кантэмпляцыйнае жыццё – гэта светач, які вядзе да адзінага вечнага агню”, - падкрэсліў Святы Айцец.

З іншага боку, падобна да таго, як псалміста паглынаюць злыя намеры ворагаў, так манастыр – раны ўсяго свету. Таму Францішак заклікаў законніц дбаць пра тое, каб іх кляштары былі месцамі гасціннасці і дыялогу: “Будзьце ўважлівымі да крыку і патрэбаў людзей вакол вас, якія прыходзяць да вас, паглынутыя пакутамі, злоўжываннямі і прыгнечанасцю. Не будзьце тымі, хто выслухоўвае толькі для таго, каб пабароць нуду, задаволіць цікаўнасць ці сабраць аргументы. (...) Вы маеце да выканання фундаметальную місію (...) – слухаць сэрца Пана, каб таксама чуць яго ў вашых братах і сёстрах”.

“[Сваёй малітвай вы, нібы маці, бераце дзяцей на плечы і несяце ў кірунку Абяцанай Зямлі]”

, - упэўнены Папа.

Ён заўважыў, што “вера – гэта найвялікшае дабро бедных” і важна яе ўзмацняць, бо яна дапамагае “жыць і спадзявацца”. І ў гэтым сэнсе кляўзуровыя манахіні могуць чыніць вялікія рэчы, бо “ў кантэмпляцыі Бог дае дар заступніцтва”. 

Францішак перакананы, што не трэба адчайвацца, калі часам апаноўвае апатыя ці хандра, бо ў рэшце рэшт “мы з’яўляемся стваламі дрэваў, якія гараць, ажно пакуль не будуць паглынутыя агнём, якім ёсць Езус, Той, хто ніколі нас не падманвае і пакрывае любую віну”.

Папа даручыў кармэліткам босым усе інтэнцыі, з якімі здзяйсняе пілігрымку на Мадагаскар, і заклікаў іх маліцца, “каб Дух Евангелля мог прарасці ў сэрцах усяго народу”.

Пасля сумеснай малітвы з кляўзуровымі манахінямі Францішак адправіўся на абед і кароткі адпачынак у Апостальскую нунцыятуру ў Антананарыву. Праграму другой паловы дня распачне сустрэча Папы з біскупамі Мадагаскара ў катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, размешчаным у гарадскім квартале Андахала.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 верасня 2019, 11:53