Пошук

Vatican News

Папа: ідэнтычнасць духавенства ўкаранёная ў праслаўленні Бога

Духоўная асоба – гэта чалавек, які навучыўся і хоча заставацца ў сэрцы свайго Пана і свайго народа, сказаў Пантыфык падчас сустрэчы з святарамі, законнікамі і семінарыстамі Мадагаскара.

Размова адбылася вечарам 8 верасня 2019 г. у Калегіуме св. Міхала ў Антананарыву.

Звяртаючыся да прысутных, Папа прызнаўся, што рэчаіснасць, якую ён убачыў за гэтыя два дні знаходжання на Мадагаскары, выклікае ў яго сэрцы словы малітвы праслаўлення, якую Езус узнёс свайму Айцу пасля вяртання сямідзесяці двух вучняў з місіі: “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям” (Лк 10, 21).

“Яны, як і вы, прынялі выклік і сталі Касцёлам, які выходзіць, і нясуць поўныя мяхі, каб дзяліцца ўсім тым, што ўбачылі і пачулі. Вы асмеліліся выйсці і прынялі выклік несці святло Евангелля ў кожны куток гэтага вострава”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец падзякаваў духоўным асобам Мадагаскара за тое, што, нягледзячы на цяжкасці і нястачы, застаюцца побач са сваім народам і не робяць з паклікання “пераход да лепшага жыцця”. “Кансэкраваная асоба (у шырокім сэнсе слова) – гэта жанчына ці мужчына, якія навучыліся і хочуць заставацца ў сэрцы свайго Пана і ў сэрцы свайго народа”, - заўважыў Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што найпрыгажэйшы складнік сваёй ідэнтычнасці і прыналежнасці духоўная асоба павінна знаходзіць у праслаўленні.

“[Прымаючы і выслухоўваючы сваіх вучняў, якія вярнуліся поўныя радасці, першае, што робіць Езус, – праслаўляе і благаслаўляе свайго Айца, і гэта ўказвае на фундаментальны аспект нашага паклікання. Мы з’яўляемся людзьмі праслаўлення. Кансэкраваная асоба здольная выявіць і ўказаць на прасутнасць Бога, дзе б ні знаходзіўся. Акрамя таго, яна хоча жыць у Яго прысутнасці, якую навучылася смакаваць, цешыцца і дзяліцца ёй]”

, - адзначыў Папа.

Ён выказаў перакананне, што праслаўленне Бога вучыць “не губляць компасу” і не ператвараць мэты ў сродкі, а важнае – у павярхоўнае. Яно вучыць бескарысліва пашыраць усё тое, што дазваляе Божаму Народу расці, выспяваць і прыносіць плён, а не “ганарыцца лёгкай і гарантаванай душпастырскай “зарплатай”, хуткай, але мімалётнай”.

Пантыфік запэўніў прысутнае духавенства ў тым, што ўчынкі міласэрнасці і паспяховую барацьбу са злом можна ажыццяўляць толькі ў імя Езуса, толькі ў духу малітвы і праслаўлення Бога. Пры гэтым Францішак заклікаў прысутных быць уважлівымі, каб не перажываць сваю місію ўсяго толькі як дадатак да жыцця, нібыта яна не з’яўляецца часткай іх ідэнтычнасці. Ён перасцярог ад рызыкі ператварэння ў “спецыялістаў па сакральных справах”.

“Давайце перамагаць злога духа на яго ж тэрыторыі: там, дзе ён запрашае нас абапірацца на эканамічную надзейнасць, на месцы чалавечай улады і славы, будзем адказваць гатоўнасцю і евангельскай беднасцю, якая штурхае аддаваць жыццё дзеля місіі. Не дазволім, каб у нас скралі місійную радасць!” - заклікаў Папа.

Сустрэча Францішка з духавенствам Мадагаскара стала заключным пунктам афіцыйнай праграмы яго пілігрымкі на Мадагаскар. Пасля яе Святы Айцец вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Антананарыву, адкуль раніцай 9 верасня 2019 г. вырушыць у аэрапорт, каб вылецець на востраў Маўрыкій.

08 верасня 2019, 17:00