Cerca

Vatican News

Папа да палітыкаў Маўрыкія пра міграцыю, эканоміку і дыялог

Разнастайнасць – гэта цудоўная рэч, калі яна звязана з паяднаннем на аснове своеасаблівага культурнага запавету, - звярнуў увагу палітычных і грамадскіх колаў Маўрыкія Пантыфік 9 верасня 2019 г.

Сустрэча з істэблішментам і дыпламатамі стала апошнім пунктам кароткага візіту Францішка на Маўрыкій і яго доўгай паездкі ў Паўднёва-Усходнюю Афрыку, якая распачалася 4 верасня з Мазамбіку і працягнулася 7 верасня на Мадагаскары.

Папа нагадаў, што гісторыя Маўрыкія была звязана з прыездам мігрантаў з розных краін і кантынентаў. Яны прынеслі свае традыцыі, культуру і рэлігіі, і паступова навучыліся ўзаемна ўзбагачацца і знаходзіць спосабы сумеснага жыцця, імкнучыся пабудаваць грамадства, адданае агульнаму дабру. Гэта ўсё, на думку Пантыфіка, сведчыць аб тым, што можна дасягнуць трывалага міру, калі пачынаеш з пераканання ў існаванні “прыміранай разнастайнасці”, якая служыць асновай для магчымасці пабудаваць сапраўдныя зносіны, не адчуваючы неабходнасці нікога маргіналізаваць, выключаць ці адхіляць.

“ДНК вашага народа захоўвае памяць пра тыя міграцыйныя рухі, якія прывялі вашых продкаў на гэты востраў і схілілі іх да адкрытасці на рознасць, каб яе інтэграваць і прасоўваць на карысць усім”, - адзначыў Папа. Ён заклікаў маўрыкійцаў добрасумленна ставіцца да сваіх каранёў, прымаць і абараняць мігрантаў, якія сёння прыбываюць у пошуках працы і паляпшэння ўмоў жыцця для сваіх сем’яў.

“Прыгадваючы нядаўнюю гісторыю вашага народа, я хацеў бы аддаць даніну павагі дэмакратычнай традыцыі, якая прыжылася з часоў вашай незалежнасці і якая дапамагае Маўрыкію быць аазісам міру”

, - сказаў Святы Айцец.

Ён нагадаў, што “сапраўднае палітычнае жыццё, заснавана на законе і шчырых і сумленных адносінах паміж людзьмі”. “Вы, што займаецеся палітычным жыццём Маўрыкія, заставайцеся прыкладам для людзей, якія разлічваюць на вас, і ў прыватнасці, для моладзі. Справамі і рашучасцю па барацьбе з усімі формамі карупцыі вы можаце прадэманстраваць веліч сваёй прыхільнасці ў служэнні агульнаму дабру, заўсёды застаючыся дастойнымі таго даверу, які вам аказваюць вашы суграмадзяне”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак з радасцю адзначыў стабільнае эканамічнае развіццё Маўрыкія, але перасцярог, што ў сучасным кантэксце эканамічны рост не заўсёды прыносіць карысць усім. “Менавіта таму я хацеў бы заклікаць вас прасоўваць эканамічную палітыку, арыентаваную на чалавека, якая садзейнічае лепшаму размеркаванню даходаў, стварэнню працоўных месцаў і інтэгральнай падтрымцы бедных”, - сказаў Папа.

Ён папрасіў кіруючы клас астраўной дзяржавы не паддавацца “спакусе ідалапаклончай эканамічнай мадэлі”, якая ахвяруе чалавечым жыццём “на алтары спекуляцый і прыбытку”, улічваючы выключна непасрэдную карысць на шкоду абароне бедных, навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў.

Францішак выказаў удзячнасць за тое, як на Маўрыкіі розныя рэлігіі працуюць рука аб руку на карысць сацыяльнай гармоніі і “падтрымліваюць трансцэндэнтную каштоўнасць жыцця супраць усіх відаў рэдукцыянізму”.

“Я прашу Бога, каб благаславіў ваш народ і ўсе намаганні, якія вы прыкладаеце для стымулявання сустрэчы розных культур, цывілізацый і рэлігійных традыцый у справе прасоўвання справядлівага грамадства, якое не забывае сваіх маладых і, перш за ўсё, найбольш уразлівых. Няхай Божая любоў і міласэрнасць працягваюць суправаджаць і абараняць вас!”, - завяршыў сваю прамову ў Прэзідэнцкім палацы Маўрыкія Францішак.

Пасля сустрэчы з палітычнымі коламі, Папа паехаў у аэрапорт сталіцы Маўрыкія, каб пасля кароткай цырымоніі развітання вылецець у мадагаскарскі Антананарыву. Тут у Апостальскай нунцыятуры ён правядзе ноч, каб заўтра раніцай адправіцца назад у Рым.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 верасня 2019, 16:01