Пошук

Vatican News

Папа да медыкаў Мапуту: вяртайце жыццё і надзею слабым і хворым

Афіцыйая праграма другога, заключнага дня прабывання Францішка ў Мазамбіку з Апостальскім візітам распачалася з наведвання раніцай 6 верасня 2019 г. шпіталя “Зімпэту” на ўскраіне Мапуту.

У структуру медыцынскага комплексу ўваходзіць Цэнтр “Мара”, адкрыты мясцовай супольнасцю св. Эгідзія, які займаецца лячэннем хворых на СНІД.

Звяртаючыся да супрацоўнікаў установы, Папа заўважыў, што бачыць у місіі і дзейнасці шпіталя “праяўленне Божай любові, заўсёды гатовай удыхнуць жыццё і надзею туды, дзе пануюць смерць і пакуты”, і правёў паралель з вядомай евангельскай прыпавесцю пра Добрага Самараніна.

“Гэты Цэнтр сведчыць пра тое, што знайшоўся той, хто спыніўся і праявіў спагадлівасць, хто не паддаўся спакусе сказаць: “Нічога не зробіш”, “З гэтым бедствам немагчыма змагацца”, але аказаўся дастаткова мужным, каб шукаць рашэнні”, - адзначыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што кожная асоба, якая з’яўляецца часткай гэтай медыцынскай супольнасці, “увасабляе Сэрца Езуса”, і ўхваліў жаданне персаналу Цэнтра не толькі аказваць медыцынскую дапамогу тым, хто па яе звяртаецца, але вяртаць ім годнасць і надзею на лепшую будучыню.

Не абмінуў ён увагай і праблемы, з якімі непазбежна сутыкаюцца працаўнікі шпіталя, галоўным чынам, недахоп сродкаў і матэрыялаў. Аднак нават у гэтым Францішак убачыў станоўчы аспект, а менавіта пакору, якую праяўляе медперсанал, вызнаючы свае абмежаванні, і крэатыўнасць, з якой ён наладжвае супрацоўніцтва з іншымі структурамі ва ўсім свеце, шукаючы падтрымкі.

“[Прызнанне таго, што ў бязмежным свеце беднасці нашая прысутнасць таксама абмежаваная, слабая і недастатковая, вядзе да таго, каб падаваць руку іншым, каб узаемнае супрацоўніцтва магло дасягнуць мэты як мага больш эфектыўна]”

, - падкрэсліў Францішак.

Нарэшце, па словах Папы, “цудоўна бачыць”, як здольнасць слухаць “самых слабых і хворых” яднае нас з іншай “уразлівай часткай свету” – з навакольным асяроддзем. “Вы здолелі зразумець гэта”, - сказаў Францішак, ухваліўшы намаганні супрацоўнікаў шпіталя па вынаходніцтве ўстойлівых сродкаў пошуку энергіі, па зборы і запасанні вады, па змяншэнні негатыўнага ўплыву сваёй дзейнасці на экалогію.

На заканчэнне сваёй прамовы Францішак заахвоціў медыкаў шпіталя працягваць “прымаць тых, хто да іх прыходзіць, выходзіць на перыферыі для пошуку параненых і прыгнечаных”, нават калі “ніхто не апладзіруе, ніхто не хваліць”, бо калі Пан вернецца, то шчодра ўзнагародзіць іх за гэтую працу.

Падчас свайго знаходжання ў “Зімпэту” Папа наведаў два аддзяленні шпіталя і паразмаўляў з яго пацыентамі.

Пасля гэтага Святы Айцец накіраваўся на размешчаны непадалёку Нацыянальны стадыён, дзе будзе цэлебраваць Эўхарыстыю. Урачыстай літургіяй у Мапуту завяршыцца мазамбікскі этап Апостальскага падарожжа Папы ў Афрыку.

 

Навіна ў фармаце аўдыё
06 верасня 2019, 09:46