Cerca

Vatican News

Святы Айцец: вера – гэта адкрытасць, прастата і захапленне

Калі, як Закхей, шукаеш сэнсу жыцця і, не знаходзячы, растрачваеш сябе на “сурагаты любові” – багацце, кар’еру, задавальненні, залежнасці, – дазволь Езусу зірнуць на цябе. Толькі з Ім знойдзеш жыццё, - раіць Папа.

Увечары 21 верасня 2019 г. Пантыфік ажыццявіў візіт у Альбана-Лацыяле, камуну на поўдні ад італьянскай сталіцы, дзе ўзначаліў урачыстую св. Імшу з нагоды гадавіны пасвячэння галоўнага алтара мясцовай катэдральнай базылікі св. Панкрата.

У гаміліі Папа засяродзіўся на нязменнай і вечнай любові і вернасці Бога да кожнага чалавека, нават да найбольшага грэшніка. Гэтую праўду, заўважыў Святы Айцец, пацвярджае гісторыя пра Закхея, да якога, праходзячы праз Ерыхон, завітаў Езус (Лк 19, 1-10).

“Абмежаванні, грахі, сорам, плёткі, прадузятасць – ніякая перашкода не прымусіць Езуса забыць пра самае важнае: пра чалавека, які мае патрэбу ў любові і збаўленні”

, - падкрэсліў Папа.

Ён дадаў, што ў гадавіну катэдральнага касцёла, якую святкуюць вернікі Альбана, гэтае Евангелле павінна служыць напамінам пра тое, што “кожны касцёл, Касцёл з вялікай літары існуюць для таго, каб падтрымліваць жывой у сэрцах людзей памяць пра тое, што Бог іх любіць”.

Гісторыя Закхея робіць відавочным і тое, што Езус не толькі памятае, але і апярэджвае, бо пакуль мытнік намагаўся ўбачыць Езуса, Месія ўжо ўбачыў яго; раней, чым Закхей пачаў гаварыць, Езус сам звярнуўся да яго; перш, чым Закхей запрасіў да сябе, Езус пайшоў у яго дом.

“Вось хто такі Езус: Той, хто першым нас бачыць, Той, хто першым нас любіць, Той, хто першым прымае нас. Калі адкрываем, што Яго любоў апярэджвае нас, дасягае раней за ўсё астатняе, жыццё мяняецца”

, - сказаў Францішак.

Папа адзначыў, што кожная справа ў жыцці павінна пачынацца з міласэрнага позірку Езуса, інакш рызыкуем зрабіць сваю веру мірской, занадта складанай. Езусу ж патрэбны нашая адкрытасць і прастата, нашая здольнасць быць як дзеці – “простымі і захопленымі, поўнымі імкнення да Бога і любові да бліжняга”.

Нарэшце, з Евангелля вынікае, што Езус дазваляе кожнаму чалавеку адчуваць сябе як дома. “Сёння Мне трэба быць у тваім доме” (Лк 19, 5), - сказаў Ён Закхею, які адчуваў сябе чужым у сваім горадзе. Зведаўшы любоў Езуса, Закхей адчуў блізкасць да народу, сярод якога жыў, і “адчыніў дзверы бліжняму”, - заўважыў Пантыфік.

Па словах Папы, Пан жадае, каб Яго Касцёл быў найлепшым домам, “гасцінным шатром, дзе б кожны чалавек, вандроўнік жыцця, мог Яго сустрэць”.

На заканчэнне гаміліі Францішак пажадаў вернікам Альбана, каб іх катэдра была месцам, дзе б кожны адчуваў, што Пан пра яго памятае, апераджае яго сваёй міласэрнасцю і прымае як дома, з тым каб у Касцёле адбывалася найпрыгажэйшая рэч: радасць па прычыне таго, што ў жыццё прыйшло збаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 верасня 2019, 18:51