Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Copyright by MaxPixel)

Пантыфік: турма не павінна пазбаўляць права на надзею

Нельга пазбаўляць права на надзею, заўважыў Папа падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай паліцыі, персаналу і капеланаў італьянскіх турмаў. Сустрэча прайшла 14 верасня 2019 г. у Ватыкане.

Святы Айцец падзякаваў сваім гасцям за незаўважаную і складаную працу, якая не высока аплачваецца, але з’яўляецца вельмі важнай. Яна спрыяе будаванню фундаментаў больш паважлівага суіснавання і больш бяспечнага грамадства. “Дзякую вам, бо выконваючы яе, вы дзень за днём становіцеся ткачамі справядлівасці і надзеі”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на праблему перапоўненасці турмаў і неабходнасць гарантавання вязням годнага ўтрымання. Турмы павінны быць месцамі выпраўлення, а не накаплення гневу, лічыць Святы Айцец.

Рэпартаж з аўдыенцыі для супрацоўнікаў італьянскай пэнітэнцыярнай сістэмы

Звяртаючыся да турэмных капеланаў, Папа заклікаў іх памятаць пра ўласную мізэрнасць і патрэбу ў прабачэнні, што вельмі важна ў працы з людзьмі, якія трапілі ў сеткі зла. Пераканаўчымі сведкамі Божага прабачэння можна стаць толькі калі самі атрымаем яго досвед, дадаў ён.

Пантыфік заахвоціў вязняў не трапляць у роспач і памятаць, што Бог большы за любую праблему. Важна з шчырасцю стаць перад Укрыжаваным і адчуць сябе любым Ім, каб здабыць супакой і сілы для далейшага шляху. “Адважней, ніколі не гасіце агеньчык надзеі”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец перакананы, што грамадства не павінна забіраць у людзей “права на надзею”. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў, што “пажыццёвае зняволенне – гэта не вырашэнне праблемы, а праблема, якая павінна быць вырашана”. “Бо калі надзею закрываюць у камеры, у грамадства няма будучыні. Ніколі нельга пазбаўляць права на тое, каб пачаць жыццё спачатку! Вы, дарагія браты і сёстры, дзякуючы вашай працы і вашаму служэнню, будзьце сведкамі гэтага права: права на надзею, права на тое, каб распачаць жыццё спачатку”, - заклікаў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 верасня 2019, 14:06