Cerca

Vatican News

Пантыфік на Мадагаскары: малітва за рабочых

“Няхай нашыя сем’і ведаюць, што радасць ад заробленага хлеба дасканалая, калі ім дзелімся”: Папа разам з жыхарамі бедных кварталаў на ўскраіне Антананарыву памаліўся за ўсіх рабочых Мадагаскара.

У рамках свайго візіту 8 верасня 2019 г. у гуманітарны цэнтр “Горад сяброўства” ў Акамасоа Францішак наведаў ваколіцы мясцовага гранітнага кар’ера, на якім працуюць каля 700 чалавек, дзе ў прысутнасці жыхароў квартала ўзнёс да Бога малітву за ўсіх рабочых.

У сваім малітоўным закліку Пантыфік прасіў Бога за ўсіх, хто займаецца фізічнай працай, каб “захаваў іх целы ад празмернай змучанасці” і не пазбавіў “ласкавасці і здольнасці песціць сваіх дзяцей”. Ён прасіў аб здароўі цела і моцы духа для кожнага рабочага, “каб цяжар працы не раздавіў іх”.

“Учыні, каб плён працы дазволіў ім забяспечыць годнае жыццё сваім сем’ям. (...) Няхай нашыя сем’і ведаюць, што радасць ад заробленага хлеба дасканалая, калі гэтым хлебам дзелімся”, - маліўся Святы Айцец.

Ён прасіў аб Божым заступніцтве для дзяцей, молячыся, каб ім не прыходзілася цяжка працаваць, але каб маглі вучыцца і мелі ахвярных настаўнікаў, гатовых прысвячаць ім час.

Францішак прасіў Бога справядлівасці дакрануцца да сэрцаў прадпрымальнікаў і кіраўнікоў з тым, каб апошнія забяспечвалі годныя ўмовы працы і дастатковы заробак для рабочых. Папа маліўся таксама аб ліквідацыі беспрацоўя, “каб кожны зазнаў радасць і годнасць заработку хлеба, які можна прынесці дадому для ўтрымання сваіх блізкіх”.

Нарэшце, у сваёй малітве Святы Айцец прасіў Бога аб дары салідарнасці для ўсіх, хто працуе разам, “каб іх сэрцы ніколі не паддаваліся нянавісці, злосці, горычы перад абліччам несправядлівасці, але захоўвалі жывую надзею ўбачыць лепшы свет і працаваць на яго карысць”.

Францішак даручыў усіх рабочых Акамасоа і Мадагаскара заступніцтву св. Юзафа, просячы, каб ён падтрымліваў іх у іх жыцці і надзеі.

Пасля сумеснай малітвы з рабочымі “Горада сяброўства” ў Акамасоа Францішак адправіўся ў Калегіум св. Міхаіла ў Антананарыву на сустрэчу са святарамі, законнікамі і законніцамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі Мадагаскара.

08 верасня 2019, 15:13