Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: не багацці, а любоў – сапраўдная крыніца шчасця

Матэрыяльныя даброты не могуць быць мэтай жыцця, падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Яна прайшла 4 жніўня 2019 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Евангелле на сённяшні дзень (пар. Лк 12,13-21) распачынаецца з таго, што нехта з натоўпу ўстаў і папрасіў Езуса вырашыць юрыдычнае пытанне, якое тычылася сямейнай спадчыны. Але, адказваючы, Ён не стаў займацца гэтай праблемай, а заклікаў трымацца на адлегласці ад прагнасці, гэта значыць ад прагі валодання. Каб адцягнуць сваіх слухачоў ад гэтага ліхаманкавага імкнення да багаццяў, Езус распавёў прыпавесць пра неразумнага багацея, які лічыў сябе шчаслівым, бо меў выключна багаты ўраджай у гэтым годзе, і адчуваў сябе ў бяспецы, дзякуючы назапашаным багаццям. Будзе добра, калі вы яе сёння прачытаеце. Яна знаходзіцца ў дванаццатым раздзеле Евангелля св. Лукі, пачынаючы з трынаццатага радку. Гэта цудоўная прыпавесць, якая многаму нас вучыць. Аповед даходзіць да кульмінацыі, калі з’яўляецца супярэчнасць паміж тым, што багацей планаваў для сябе, і тым, што прадбачыў для яго Бог.

Багацей у душы разлічваў на тры рэчы: шмат назапашаных багаццяў; мноства гадоў, якія, здавалася, гэтыя багацці могуць яму даць; нічым не абмежаваную бестурботнасць і дабрабыт. Але слова, якое да яго скіраваў Бог, перакрэсліла ўсе гэтыя задумы. Замест “мноства гадоў”, Бог указвае на непазбежнасць “гэтай ночы”; замест “задавальнення жыццём”, кажа яму пра “адабранне жыцця”, за якім адбудзецца суд. Што тычыцца лёсу мноства назапашаных багаццяў, на якіх багацей хацеў збудаваць усё, іх засланіў сарказм пытання: “Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” (Лк 12,20). Падумаем пра барацьбу за спадчыну; шматлікія змаганні ў сем’ях. Шмат людзей – мы ўсе ведаем якую-небудзь такую гісторыю – у гадзіну смерці пачынаюць прыходзіць: прыходзяць унукі і пытаюцца: “Што дастанецца мне?”, а потым выносяць усё. Гэтым супярэчаннем тлумачыцца зварот “неразумны”, які Бог скіраваў да гэтага чалавека. Ён неразумны, бо на практыцы адрокся ад Бога, не лічыўся з Ім.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане

Завяршэнне прыпавесці, сфармуляванае евангелістам, з’яўляецца выключна эфектным: “Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее” (Лк 12,21). Гэта папярэджанне адкрывае гарызонт, у кірунку якога мы ўсе пакліканы глядзець. Матэрыяльныя даброты неабходныя для жыцця – гэта даброты, але яны з’яўляюцца толькі сродкам для сумленнага жыцця і дзялення з самымі патрабуючымі. Езус сёння запрашае нас усвядоміць, што багацці могуць зняволіць сэрца і адцягнуць яго ад сапраўднага скарбу, які ёсць у небе. Пра гэта нам нагадвае св. Павел у сённяшнім другім чытанні: “Шукайце таго, што ў вышынях... пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное” (Кал 3,1-2).

Гэта не значыць, што мы павінны ўцякаць ад рэальнасці, але шукаць тое, што мае сапраўдную каштоўнасць: справядлівасці, гасціннасці, братэрства, міру - усяго таго, што складае сапраўдную годнасць чалавека. Гаворка ідзе пра тое, каб імкнуцца да жыцця, рэалізаванага не паводле стылю гэтага свету, але паводле евангельскага стылю: любіць Бога ўсім нашым сэрцам і любіць бліжняга так, як яго палюбіў Езус, гэта значыць у служэнні і прынясенні сябе ў дар. Прагненне дабротаў не заспакойвае сэрца, але, наадварот, выклікае яшчэ большую прагу! Прагнасць падобна на сітуацыю з добрай цукеркай, калі бярэш адну і кажаш: “Якая смачная!”, а потым бярэш наступную. Так выглядае прагнасць: ніколі не заспакойвае. Будзьце пільнымі. Моцная і жывая любоў – гэта крыніца сапраўднага шчасця, у той час як неўтаймаваны пошук матэрыяльных дабротаў і багаццяў часта з’яўляецца крыніцай неспакою, варожасці, злоўжыванняў, войнаў. Многія войны пачынаюцца па прычыне прагнасці.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам, каб не дазволілі прывабіць сябе бяспекамі, якія прамінаюць, але штодзённа быць пераканаўчымі сведкамі вечных каштоўнасцей Евангелля”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў вернікаў і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 жніўня 2019, 14:22