Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: быць хрысціянамі ў канкрэтных сітуацыях

Хрысціянскае жыццё несумяшчальнае з кампрамісамі, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 18 жніўня 2019 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“У евангельскім фрагменце на сённяшні дзень (пар. Лк 12,49-53) Езус папярэджвае вучняў пра тое, што надышоў момант для прыняцця рашэння. Яго прыйсце ў свет, насамрэч, супадае з часам канчатковых рашэнняў: рашэнне на карысць Евангелля нельга адкласці на потым. Каб дапамагчы лепш зразумець гэты свой заклік, Ён выкарыстоўвае вобраз агню, які Ён сам прыйшоў прынесці на зямлю: “Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся” (Лк 12,49).

“[Гэтыя словы маюць на мэце дапамагчы вучням перамагчы ляноту, апатыю, раўнадушша, закрытасць і прыняць агонь Божай любові; той любові, якая, як нагадвае св. Павел, “вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога” (Рым 5,5). Менавіта Святы Дух дапамагае нам любіць Бога і бліжняга; гэта Дух, якога мы ўсе маем у сэрцы.]”

Езус адкрывае сваім сябрам, а таксама нам, сваё самае гарачае жаданне: прынесці на зямлю агонь любові Айца, які распальвае жыццё і праз які чалавек збаўляецца. Езус заклікае нас несці ў свет гэты агонь, дзякуючы якому ў нас распазнаюць Яго сапраўдных вучняў. Агонь любові, запалены Хрыстом у свеце сілай Святога Духа – гэта агонь бязмежны, паўсюдны. Гэта было бачна з самых ранніх часоў хрысціянства: сведчанне Евангелля пашыралася як дабрадзейны пажар, пераўзыходзячы ўсе падзелы паміж людзьмі, сацыяльнымі катэгорыямі, народамі і краінамі. Евангельскае сведчанне спальвае ўсе формы адасобленасці і трымае любоў, адкрытай на ўсіх, з перавагай да самых бедных і адчужаных.

Лучнасць з агнём любові, які Езус прынёс на зямлю, ахоплівае ўсё наша жыццё і патрабуе пакланення Богу, а таксама гатоўнасці служыць бліжняму. Пакланенне Богу і гатоўнасць служыць бліжняму. Першае – гэта пакланенне Богу, што азначае таксама вучобу малітве адарацыі, пра якую мы звычайна забываем. Вось чаму заклікаю вас усіх адкрыць прыгажосць малітвы адарацыі і часта да яе прыбягаць. Другое – гэта гатоўнасць служыць бліжняму: з захапленнем думаю пра шматлікія супольнасці і групы моладзі, якія, на працягу лета, прысвячаюць сябе служэнню хворым, бедным, людзям з інваліднасцю.

“Каб жыць у духу Евангелля трэба, каб перад абліччам усё новых і новых патрэбаў, якія ўзнікаюць у свеце, былі Хрыстовыя вучні, здольныя адказваць на іх новымі міласэрнымі ініцыятывамі. Так – праз пакланенне Богу і служэнне бліжняму – Евангелле будзе аб’яўляецца як сапраўды агонь, які збаўляе, які змяняе свет, пачынаючы са змены сэрцаў кожнага.”

У гэтай перспектыве, становіцца зразумелым таксама іншае сцвярджэнне Езуса, пераказанае ў сённяшнім фрагменце, якое на першы погляд можа збянтэжыць: “Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне”. Ён прыйшоў, каб “раздзяляць агнём”. Што раздзяляць? – Дабро ад зла, справядлівасць ад несправядлівасці. Ён прыйшоў “раздзяляць” у такім разуменні, паставіць у “крызіс” – у зраровым сэнсе, – жыццё апосталаў, разбіваючы лёгкія ілюзіі тых, хто думае, што можа злучыць хрысціянскае жыццё і марнасць, хрысціянскае жыццё і кампрамісы рознага ролу, злучыць рэлігійныя практыкі і паводзіны, накіраваныя супраць бліжняга. Некаторыя думаюць, што можна спалучыць сапраўдную рэлігійнасць з забабоннымі практыкамі: колькі так званых хрысціян звяртаюцца да варажбітаў, просячы, каб ім варажылі на руцэ! Гэта забабоны, а не Бог!Гаворка ідзе пра тое, каб не жыць крывадушна, але быць гатовымі плаціць кошт рашэнняў, адпаведных Евангеллю.

“[Гэта тое, што кожны з нас павінен шукаць у жыцці: паслядоўнасці – плаціць кошт адпаведнасці Евангеллю. Адпаведнасць Евангеллю. Добра называць сябе хрысціянамі, але перш за ўсё трэба быць хрысціянамі ў канкрэтных сітуацыях, даючы евангельскае сведчанне, якое галоўным чынам заключаецца ў любові да Бога і братоў.]”

Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам ачысціць сэрца агнём, прынесеным Езусам, каб несці яго нашым жыццём, праз рашучыя і адважныя рашэнні”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў групы вернікаў, сабраныя на плошчы св. Пятра, і ўдзяліў благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 жніўня 2019, 13:35