Пошук

Vatican News

Святы Айцец да скаўтаў: давайце, і будзе дадзена вам

Свабода не здабываецца ў закрытым пакоі з мабільнікам у руцэ, але на шляху з іншымі людзьмі, падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі агульнаеўрапейскай скаўцкай сустрэчы “Euromoot-2019”.

Аўдыенцыя прайшла 3 жніўня 2018 г. у Зале Паўла VI. У ёй прынялі ўдзел каля 5 тыс. юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 16 да 21 гадоў, якія прыбылі з 20-ці розных краін Старога Кантыненту. Некалькі дзён напярэдадні візіту ў Ватыкан яны пілігрымавалі па рэгіёнах цэнтральнай Італіі.

“Вы прайшлі доўгі шлях і напэўна стаміліся, але ў адным я ўпэўнены: у душы вы адчуваеце сябе больш свабодным, чым раней. Свабода здабываецца ў дарозе. Свабода не здабываецца ў закрытым пакоі з мабільнікам у руцэ. Чалавек становіцца свабодным крок за крокам, на шляху разам з іншымі і ніколі не ў адзіночку”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на тое, што скаўты пілігрымавалі па мясцінах, звязаных з жыццём святых – людзей, якія не “чакалі чагосьці ад жыцця ці іншых, але даверыліся Богу і рызыкавалі, уключыліся ў гульню, выйшлі ў дарогу”, “аддалі сваё жыццё, а не трымалі яго для сябе”.

Францішак заклікаў моладзь кіравацца ў жыцці словамі з Евангелля, якое з’яўляецца “сапраўдным навігатарам па жыццёвым шляху”: “Давайце, і будзе дадзена вам” (Лк 6,38). Яны асабліва актуальныя ў наш час, калі людзі галоўным чынам думаюць пра тое, каб больш “мець”, дадаў Пантыфік.

“[Многія жывуць з адзінай мэтай: мець тое, што падабаецца, але яны ніколі не задавальняюцца, бо калі маеш штосьці, пачынаеш прагнуць чагосьці іншага і так да бясконцасці (...) Сэрца трэніруецца, калі не валодаем, а прыносім штосьці ў дар]”

, - падкрэсліў ён.

“Даваць – значыць перастаць быць спажыўцом жыцця, а выйсці на прастор, каб падарыць свету крыху дабра. Калі ласка, не пакідайце ваша жыццё пыліцца на пуфе, не задавальняйцеся яго праглядам па тэлевізары, не думайце, што чарговы мабільны дадатак зробіць вас шчаслівымі”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў маладых людзей не звяртаць увагу на абыякавасць іншых людзей і давяраючы Езусу, прыносіць жыццё ў дар, без страху паказацца наіўнымі. Бог заўсёды вяртае больш, чым можам сабе ўявіць: Ён ніколі “не пакіне нас з пустымі рукамі”.

“[Езус робіць цябе шчаслівым у душы, не звонку, дае табе тое, што не змогуць даць ніякія рэчы; бо ні смартфон апошняй мадэлі, ні самы хуткі аўтамабіль, ні моднае адзенне, акрамя таго, што ніколі не будуць дастатковымі, ніколі не дадуць табе радасці адчування сябе любімым і радасці любові]”

, - дадаў Пантыфік.

Францішак нагадаў юнакам і дзяўчатам, што кожны з іх унікальны і каштоўны ў вачах Бога, важны для Касцёла і яго асабіста, і павінен быць такім для свайго бліжняга. “Калі будзеце будаваць масты да іншых, убачыце як іншыя ідуць па гэтых мастах да вас”, - сцвердзіў ён.

Папа заўважыў, што словы Хрыста – “Давайце, і будзе дадзена вам” – тычацца таксама клопату аб нашым “супольным доме”. “Калі будзем працягваць яго эксплуатаваць, ён дасць нам жудасны ўрок, а калі будзем аб ім клапаціцца, будзем мець дом таксама ў будучыні”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што Божае стварэнне, гэта “адкрытая кніга”, якая вучыць, што “мы знаходзімся ў свеце, каб сустракацца з іншымі, каб ствараць адзінства, бо мы ўсе звязаны паміж сабой”. “Навакольнае асяроддзе было створана, каб злучыць нас з Богам і між сабой, гэта “сацыяльная сетка” Бога”, - сказаў Францішак.

Напрыканцы аўдыенцыі Папа заклікаў маладых людзей быць крэатыўнымі будаўнікамі дабра, творцамі абноўленай Еўропы, “генератарамі сустрэч”. Менавіта такая гістарычная задача стаіць перад еўрапейскімі скаўтамі, перакананы Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 жніўня 2019, 13:22