Cerca

Vatican News
Св. Ігнацый Лаёла, заснавальнік Таварыства Езуса Св. Ігнацый Лаёла, заснавальнік Таварыства Езуса 

Францішак наведаў курыю Таварыства Езуса ў Рыме

Святы Айцец наведаў курыю Таварыства Езуса ў Рыме. Візіт насіў прыватны характар, паведаміў журналістам часовы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, Алесандра Джызоці.

Генеральная курыя Таварыства Езуса знаходзіцца недалёка ад Ватыкана, на вуліцы Санто-Спірыто-ін-Сасія. Падчас свайго візіту Пантыфік сустрэўся з Генеральным настаяцелем супольнасці, кс. Артура Сосам, і іншымі езуітамі.

“Як вядома, у мінулыя гады Папа ўжо наведваў у прыватнай форме сабратоў-езуітаў у Генеральнай курыі з нагоды набліжэння свята св. Ігнацыя Лаёлы”, - дадаў Джызоці.

Пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра Пантыфік адведаў галоўную сядзібу Таварыства Езуса ўжо ў восьмы раз. Па традыцыі ён сустракаецца са сваімі сабратамі з нагоды літургічнага ўспаміну заснавальніка езуітаў, св. Ігнацыя Лаёлы, які адзначаецца 31 ліпеня.

Францішак – першы ў гісторыі езуіт, які быў абраны Папам. Ён уступіў у Таварыства Езуса 11 сакавіка 1958 г. Навіцыят праходзіў у Сант’яга, сталіцы Чылі, пасля чаго вярнуўся ў Буэнас-Айрэс, дзе 13 снежня 1969 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. У перыяд з 1973 па 1979 гг. быў Вышэйшым настаяцелем Таварыства Езуса ў Аргентыне.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 ліпеня 2019, 10:59