Пошук

Vatican News
Св. Ігнацый Лаёла Св. Ігнацый Лаёла 

Францішак: Божая хвала дала сэнс жыццю св. Ігнацыя Лаёлы

31 ліпеня 2019 г. у Каталіцкім Касцёле адзначаецца літургічны ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Таварыства Езуса. З гэтай нагоды Пантыфік скіраваў пасланне праз свой профіль у “Твітэры”.

“Св. Ігнацый Лаёла, якога ўспамінаем сёння, калі быў маладым салдатам, думаў пра ўласную хвалу, а потым яго прывабіла хвала Бога, якая напоўніла сэнсам яго жыццё”, - нагадаў Святы Айцец.

Францішак – першы ў гісторыі езуіт, які быў абраны Папам. Ён уступіў у Таварыства Езуса 11 сакавіка 1958 г. Навіцыят праходзіў у Сант’яга, сталіцы Чылі, пасля чаго вярнуўся ў Буэнас-Айрэс, дзе 13 снежня 1969 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. У перыяд з 1973 па 1979 гг. быў Вышэйшым настаяцелем Таварыства Езуса ў Аргентыне.

Езуіты адчуваюць “асаблівае сугучча з Францішкам”, падкрэсліў у каментары для Vatican News кс. Фэдэрыка Ламбардзі, езуіт, старшыня адміністрацыйнай рады “Ватыканскага Фонду Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI”.

Былы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы заўважыў, што ігнацыянская духоўнасць Папы выяўляецца ў трох галоўных элементах. У першую чаргу, езуіты адчуваюць сябе місіянерамі, асобамі, якія пасланы служыць Пану на памежжы, на перыферыях, у розных частках свету. Другі элемент – гэта дынамізм, імкненне заўсёды ісці далей і не стаяць на месцы, быць пілігрымуючым народам. Нарэшце трэцяя езуіцкая рыса – гэта распазнанне. Папа вельмі часта выкарыстоўвае гэта слова, заклікаючы бачыць рэчаіснасць у яе складанасці і шукаць лепшы спосаб спаўнення Божай задумы.

Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што члены Таварыства Езуса адчуваюць духоўную еднасць з Пантыфікам, але не маюць прывілеяванага становішча ў Касцёле і не шукаюць яго. “Яны прагнуць толькі выконваць сваё служэнне, згодна з тым, аб чым просіць Папа. Сёння Папа – езуіт, і мы шчаслівыя служыць яму найлепшым чынам”, - дадаў святар.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 ліпеня 2019, 10:32