Пошук

Vatican News
Папа падчас запісу відэа-паслання Папа падчас запісу відэа-паслання 

Святы Айцец: супрацьстаяць культуры выключэння праз адукацыю

Папа прыняў у Ватыкане выканаўчую раду Міжнароднай федэрацыі “Вера і радасць” (Fe y Alegría). Праз яе членаў ён перадаў кароткае відэа-пасланне да ўсіх педагогаў і вучняў адукацыйнай сеткі.

Францішак адзначыў, што большасць членаў руху – гэта маладыя людзі. “Вы адыграеце галоўную ролю ў будучыні не толькі самой арганізацыі, але і ўсяго чалавецтва”, - сказаў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе і пра сучаснасць: таксама і сёння трэба ставіць і вырашаць задачы з энтузіязмам і з уключэннем іншых.

“[Сённяшняя культура скарэй эксклюзіўная: для таго, каб захаваць адносны парадак, выключаецца тое, што яму пагражае. Так шмат дзяцей выключана, і па гэтай прычыне яны не маюць доступу да адукацыі, выключаны і старэйшыя, таму што яны раздражняюць, нічога не вырабляюць, хварэюць]”

, - сказаў Папа. Ён адзначыў: усё, што не спрыяе эканамічнаму, гаспадарчаму і тэхналагічнаму развіццю, сённяшняя сістэма імкнецца выключыць.

Рух “Вера і радасць” прапаноўвае адваротнае: усё ўключаецца, прымаецца кожны. Нават тое, што паводле меркавання сучаснага свету бескарыснае. Няма людзей бескарысных для “Веры і радасці”. Усе ўключаны, усё ўключаецца. Францішак назваў гэта “таямніцай інклюзіўнасці”, якую, на яго думку, трэба пашыраць.

Fe y Alegría – гэта федэрацыя мясцовых арганізацый, якія прапануюць адукацыйныя магчымасці для самых бедных слаёў грамадства. Яна праводзіць трэнінгі для настаўнікаў і ўтрымлівае некалькі адукацыйных радыёстанцый. У аснове ляжыць традыцыя езуіцкай адукацыйнай сістэмы. Рух нарадзіўся ў Венесуэле і прысутнічае ва ўсіх краінах Лацінскай Амерыкі, пачаў распаўсюджвацца ў Еўропе.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 чэрвеня 2019, 11:38