Cerca

Vatican News
Плакат канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю публікацыі маніфеста кс. Луіджы Стурца Плакат канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю публікацыі маніфеста кс. Луіджы Стурца 

Святы Айцец пра любоў як сацыяльнае абавязацельства

Францішак скіраваў зварот удзельнікам Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю публікацыі маніфеста “Зварот да свабодных і моцных” італьянскага святара Луіджы Стурца.

Форум з удзелам прадстаўнікоў шэрагу палітычных, грамадзянскіх, навуковых і культурных рухаў і асацыяцый Італіі праходзіць 14-16 чэрвеня 2019 г. у італьянскім Кальтаджыронэ, на Сіцыліі, – у родным горадзе кс. Луіджы Стурца.

Канферэнцыя на тэму “Актуальнасць новага абавязацельства” мае на мэце падкрэсліць вартасць і злабадзённасць пакінутай у спадчыну стурцыянскай сістэмы поглядаў. Яго маніфест “Зварот да свабодных і моцных”, апублікаваны 18 студзеня 1919 г., які ўтрымлівае праграмныя дырэктывы будучай Італьянскай народнай партыі, лічыцца вяхой гісторыі італьянскай хрысціянскай дэмакратыі.

У сваім звароце Пантыфік заўважыў, што “будучы дзяржаўным дзеячам, палітыкам, сацыёлагам і шматгранным літаратарам, Луіджы Стурца, перш за ўсё, з’яўляўся святаром, паслухмяным Касцёлу, чалавекам Божым, які мужна змагаўся за абарону і ўкараненне евангельскага вучэння на сваёй сіцылійскай зямлі, у Вялікабрытаніі і Злучаных Штатах падчас доўгіх гадоў ссылкі, а таксама ў Рыме ў апошнія гады свайго жыцця”.

“Для яго любоў – гэта сапраўднае сацыяльнае абавязацельства, натхняльны матыў усёй дзейнасці. Ён вельмі самабытным чынам імкнуўся ажыццявіць хрысціянскую “артапраксію” ў палітыцы, якая б палягала на правільных суадносінах паміж этыкай і тэалагічным жыццём, паміж духоўным і сацыяльным вымярэннямі”

, - напісаў Святы Айцец.

Папа выказаў перакананасць у тым, што навучанне і сведчанне веры, пакінутыя слугой Божым Луіджы Стурца, нельга забываць, асабліва сёння, “калі ад палітыкі патрабуецца дальнабачнасць для адказу на востры антрапалагічны крызіс”.

Пантыфік нагадаў цэнтральныя пункты сацыяльнай антрапалогіі Стурца: “першынство асобы адносна грамадства, грамадства – адносна дзяржавы, маральнасці – адносна палітыкі; цэнтральнасць сям’і; абарона ўласнасці з яе сацыяльнай функцыяй як патрабаванне свабоды; важнасць працы як права і абавязку кожнай асобы; будаўніцтва справядлівага міру праз стварэнне сапраўднай міжнароднай супольнасці”.

“Гэтыя каштоўнасці палягаюць на перадумове, што хрысціянства – гэта пасланне збаўлення, уцелаўлёнае ў гісторыі, якое скіравана да ўсяго чалавецтва і павінна станоўча ўплываць на маральнае жыццё – як прыватнае, так і грамадскае”, - дадаў Францішак.

Жадаючы ўдзельнікам Канферэнцыі ў Кальтаджыронэ плённай працы, Святы Айцец падкрэсліў, што форум “адсылаецца да творчай і адказнай руплівасці хрысціян, пакліканых інтэрпрэтаваць знакі часу ў святле Евангелля, каб рэалізоўваць сацыяльную і палітычную практыку, ажыўленую верай, якую перажываюць як патрабаванне, натуральна ўласцівае любові”.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 чэрвеня 2019, 12:53