Cerca

Vatican News

Папа: хрысціянства без Духа Святога – гэта бязрадасны маралізм

Без Духа Святога Езус застаецца персанажам мінулага, Святое Пісанне – мёртвым пасланнем, а хрысціянства – маралізмам, пазбаўленым радасці, - перасцярог Францішак.

9 чэрвеня 2019 г., ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Францішак узначаліў урачыстую св. Імшу на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Падчас літургіі ён звярнуўся да вернікаў з гаміліяй, у якой заклікаў штодня маліцца да Духа Святога, каб быў прысутны ў сэрцах і ў жыцці, бо ў Ім – крыніца спакою, надзеі і радасці.

Дух Святы – не нехта абстрактны, але найбольш канкрэтная, блізкая Асоба, якая перамяняе жыццё, адзначыў Папа і запрасіў засяродзіцца на прыкладзе апосталаў, каб зразумець, пра перамены якога роду ідзе гаворка: Дух Святы не аблягчае справы, не чыніць відовішчных цудаў, не пазбаўляе праблем і непрыяцеляў. “Дух Святы прынёс у жыццё апосталаў сваю гармонію, якой не хапала, бо Ён і ёсць гармонія”, - патлумачыў Пантыфік.

Па словах Францішка, дзеянне Духа Святога выяўляецца ў гармоніі, якая пачынае панаваць унутры чалавека, а таксама звонку, у стасунках паміж людзьмі.

Спасланню на апосталаў Духа Святога папярэднічалі словы Езуса: “Спакой вам!” (Ян 20, 19), нагадаў Пантыфік, і заўважыў, што гэты спакой супрацьлеглы распаўсюджанай сярод людзей павярхоўнай заспакоенасці. “Гэта спакой, які робіць сэрца падобным да глыбокага мора: яно заўсёды спакойнае, нават калі на паверхні ўздымаюцца хвалі. Гэта настолькі глыбокая гармонія, што здольная ператварыць нават пераслед у благаслаўленне”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што сучасны свет выглядае пазбаўленым гармоніі: нервозныя і затузаныя, мы шукаем хуткіх рашэнняў, прымаем адну за адной таблеткі, каб рухацца наперад, выклікаем бясконцую чараду эмацыйных узрушэнняў, каб адчуваць сябе жывымі. Хоць патрэбны, перш за ўсё, Дух Святы: гэта Ён наводзіць парадак пасярод раз’юшанасці.

“Ён з’яўляецца супакоем сярод хвалявання, верай сярод нуды, радасцю – сярод самоты, маладосцю – пасярод старасці, мужнасцю пасярод выпрабаванняў. Гэта Той, хто сярод навальнічных цячэнняў жыцця кідае якар надзеі”

, - сказаў Папа.

Дух Святы – гэта Той, хто “робіць нас Касцёлам, аб’ядноўвае розныя часткі ў адзіную гарманічную будову”. Па словах Святога Айца, у сучасным свеце падзелаў і парадаксальнай разлучанасці ва ўмовах панавання сацыяльных сетак Дух Святы жыццёва неабходны: “Ён злучае непадобных, аб’ядноўвае тых, хто далёка, збірае разам раскіданых”.

“Каб быць духоўнымі, каб цешыцца гармоніяй Духа Святога, трэба Яго позірк ставіць перад уласным. Тады рэчы мяняюцца: з Духам Святым Касцёл – гэта святы Народ Божы, місія – заражэнне радасцю, іншыя – браты і сёстры, якіх любіць адзін Айцец. Але без Духа Святога Касцёл – гэта арганізацыя, місія – прапаганда, еднасць – намаганне”, - заключыў Пантыфік.

Францішак заахвоціў вернікаў штодня маліцца да Духа Святога – Божай гармоніі, каб прыйшоў і падарыў радасць уваскрашэння, вечную маладосць сэрца, каб зрабіў нас “рамеснікамі згоды, сейбітамі дабра, апосталамі надзеі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 чэрвеня 2019, 11:10