Cerca

Vatican News

Пантыфік ва ўрачыстасць св. Пятра і Паўла: Езус абірае слабых

“Чаму Пан не даў нам двух найсумленнейшых сведак, з чыстай верай, з бездакорным жыццём? Чаму Пётр, калі быў Ян? Чаму Павел, а не Барнаба?”: адказ вядзе да таямніцы Божага прабачэння, - лічыць Папа.

Ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, 29 чэрвеня 2019 г., Пантыфік узначаліў св. Імшу. У сваёй гаміліі ён запрасіў вернікаў паглядзець на постаці двух святых як на “сведак жыцця, сведак прабачэння і сведак Езуса”.

Жыццё апосталаў Пятра і Паўла “не было незаплямленым і правільным”, - заўважыў Францішак. Так, абодва былі вельмі рэлігійнымі, “аднак рабілі страшэнныя памылкі: Пётр дайшоў да таго, што выракся Пана, Павел пераследаваў Божы Касцёл”. Аднак Езус паклікаў іх па імёнах і перамяніў іх жыццё; Ён даверыўся “двум грэшнікам, якія пакаяліся”.

У тым, што Езус выбраў двух далёка не самых сумленных і бездакорных асоб, для нас хаваецца “вялікае вучэнне”, перакананы Святы Айцец. “Зыходны пункт хрысціянскага жыцця не ў тым, каб быць годнымі; з тымі, хто лічыў сябе добрым, Пан мала чаго змог зрабіць. Калі мы лічым сябе лепшымі за іншых, то гэта пачатак канца. Пан чыніць цуды не праз тых, хто лічыць сябе правільным, але праз тых, хто ўсведамляе, што знаходзіцца ў патрэбе. Езуса не прываблівае нашая бравурнасць, не за гэта Ён нас любіць. Ён любіць нас такімі, якія мы ёсць, і шукае не самадастатковых, а гатовых адкрыць Яму сваё сэрца”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа заўважыў, што святыя сталі ў праўдзе перад Богам: Пётр адразу сказаў Езусу, што ён – “чалавек грэшны” (пар. Лк 5, 8); Павел пісаў, што ён “найменшы з апосталаў і не варты называцца апосталам” (1 Кар 15, 9).

“Яны зразумелі, што святасць не ў тым, каб узняцца, але ў тым, каб прынізіцца: не ўзыходжанне на вярхі рэйтынгаў, але штодзённае даручэнне ўласных слабасцей Пану, Які чыніць праз пакорных вялікія рэчы. У чым быў сакрэт іх здольнасці рухацца наперад у сваёй слабасці? У Божым прабачэнні!”

, - сказаў Святы Айцец.

“Яны сустрэлі любоў, большую за ўсе іх упадкі, прабачэнне настолькі моцнае, што вылечыла нават іх пачуццё віны. Толькі калі адчуваем Божае прабачэнне, мы адраджаемся па-сапраўднаму. Адсюль можна пачаць нанова, з прабачэння; там мы знаходзім сябе: у споведзі”, - дадаў Францішак. Нарэшце, прыклад святых Пятра і Паўла вучыць нас таму, што значыць быць сведкамі Езуса. Пантыфік падкрэсліў, што “сведка – не той, хто ведае гісторыю Езуса, але той, хто пражывае гісторыю любові разам з Езусам. Таму што сведка, па сутнасці, толькі гэта і абвяшчае: што Езус жывы і ў Ім – таямніца жыцця”.

“Перад абліччам гэтых сведак запытаемся ў сябе: “Ці аднаўляю я штодня сустрэчу з Езусам?”. Магчыма, цікавімся Езусам, справамі Касцёла, рэлігійнымі навінамі. Адкрываем сайты і часопісы і размаўляем пра сакральныя рэчы. Але тады застаёмся на ўзроўні таго, што кажуць людзі, на даследаваннях, у мінулым. Для Езуса гэта не мае вялікага значэння. Яму не патрэбны духоўныя рэпарцёры, ні, тым больш, хрысціяне з глянцавай вокладкі. Ён шукае сведак, якія штодня кажуць Яму: “Пане, Ты – маё жыццё”, - заўважыў Папа.

“Езус пытаецца ў нас, як некалі ў Пятра: “Хто Я для цябе?”; “Ці любіш ты Мяне?”. Дазволім жа, каб гэтыя словы ўвайшлі ў нас і запалілі жаданне не задавольвацца мінімумам, але імкнуцца да максімуму, каб і мы маглі быць сведкамі жывога Езуса”, - заклікаў вернікаў Святы Айцец.

Падчас урачыстай Літургіі Францішак благаславіў паліі для арцыбіскупаў-мітрапалітаў, прызначаных на працягу апошніх дванаццаці месяцаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 чэрвеня 2019, 11:56