Cerca

Vatican News

Францішак падчас агульнай аўдыенцыі: аналіз пілігрымкі ў Румынію

Апостальскае падарожжа ў Румынію стала галоўнай тэмай агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 5 чэрвеня 2019 г. у Ватыкане. Папа папрасіў маліцца, каб яно прынесла багатыя плады для краіны і Касцёла.

Францішак выказаў удзячнасць прадстаўнікам дзяржаўных і рэлігійных уладаў за запрашэнне наведаць краіну, а таксама ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі падарожжа. “Асаблівую падзяку ўзношу да Бога, Які дазволіў Наступніку св. Пятра вярнуцца ў гэтую краіну праз 20 гадоў пасля візіту св. Яна Паўла ІІ”, - дадаў Папа.

Пантыфік нагадаў пра дэвіз падарожжа – “Ідзём разам”. Ён заўважыў, што з радасцю заклікаў да супольнага шляху, і зрабіў гэта не здалёк ці з высока, але “ідучы пасярод румынскага народу, як пілігрым на яго зямлі”. “Падчас розных сустрэч падкрэслівалася каштоўнасць і патрэба супольнай хады, як паміж хрысціянамі, на ўзроўні веры і любові, так і паміж грамадзянамі, на ўзроўні грамадзянскай адказнасці”, - зазначыў Пантыфік.

“Як хрысціяне, мы маем ласку жыць у перыяд братэрскіх адносін паміж рознымі Цэрквамі. У Румыніі большая частка вернікаў належыць да Праваслаўнай Царквы, на чале якой зараз знаходзіцца Патрыярх Данііл; да яго скіроўваю мой братэрскі і ўдзячны ўспамін. Каталіцкая супольнасць, як “грэчаская”, так і “лацінская” – жывая і актыўная”, - падкрэсліў Францішак.

“Еднасць паміж усімі хрысціянамі, хоць і з’яўляецца няпоўнай, грунтуецца на адзіным хросце; яна апячатаная крывёй і пакутамі, якія яны разам неслі ў цёмныя часы пераследу, асабліва падчас атэістычнага рэжыму на працягу мінулага стагоддзя”

, - дадаў ён.

Пантыфік нагадаў, што меў сардэчную сустрэчу з Патрыярхам і Святым Сінодам Румынскай Праваслаўнай Царквы, падчас якой нагадаў пра жаданне Каталіцкага Касцёла “крочыць разам з прыміранай памяццю да больш поўнага адзінства, да чаго румынскі народ прароцкім чынам заклікаў падчас свайго візіту св. Ян Павел ІІ”.

“Гэта важнае экуменічнае вымярэнне падарожжа дасягнула вышэйшага пункту ва ўрачыстай малітве “Ойча наш” у новым велічным катэдральным праваслаўным саборы ў Бухарэсце. Гэта быў момант моцнай сімвалічнай каштоўнасці, бо малітва “Ойча наш” з’яўляецца хрысціянскай малітвай у поўным сэнсе гэтага слова, супольнай спадчынай ахрышчаных”, - сказаў Папа

“Мы прадэманстравалі, што адзінства не пазбаўляе законных адметнасцей. Няхай Святы Дух пабуджае нас да больш поўнага сумеснага жыцця Божых дзяцей і братоў”

, - дадаў ён.

Разам з румынскай каталіцкай супольнасцю Пантыфік цэлебраваў тры св. Імшы. Першая адбылася ў катэдральным касцёле ў Бухарэсце, 31 мая, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, “іконы Касцёла на шляху веры і міласэрнасці”. Другая – у санктуарыі Сумулеў-Чук, куды прыбываюць шматлікія пілігрымы розных моў, культур і традыцый. Трэцяй – стала Боская літургія ў Блажы, цэнтры Грэка-каталіцкай Царквы ў Румыніі, “падчас якой адбылася беатыфікацыя сямі грэка-каталіцкіх біскупаў-мучанікаў, сведак евангельскай свабоды і любові”.

“Адзін з гэтых новых благаслаўлёных, біскуп Юліў Хосу, падчас знаходжання ў няволі напісаў: “Бог паслаў нас у гэту цемру пакут, каб несці прабачэнне і маліцца аб навяртанні ўсіх”. У кантэксце жудасных катаванняў, якія яны перажылі, гэтыя словы з’яўляюцца сведчаннем міласэрнасці”

, - заўважыў Папа.

“Асабліва яскравай і святочнай стала сустрэча з маладымі сем’ямі, якая прайшла ў Ясах, старажытным горадзе і важным культурным цэнтры, скрыжаванні паміж Захадам і Усходам. Гэта месца заклікае адкрыць шляхі, па якіх трэба крочыць разам у багацці адметнасцей і ў свабодзе, якая не пазбаўляе каранёў, але прыцягвае нас творчым чынам. Таксама і гэта сустрэча мела марыйны характар і завяршылася прысвячэннем моладзі і сем’яў Найсвяцейшай Багародзіцы”, - падзяліўся Пантыфік.

Апошнім этапам стаў візіт да цыганскай супольнасці ў горадзе Блаж. “Я хацеў прывітаць іх і зноў скіраваць заклік супраць дыскрымінацыі, на карысць павагі да людзей усіх народнасцей, моў і рэлігій”, - дадаў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры, падзякуем Богу за гэта Апостальскае падарожжа і папросім Яго, праз заступніцтва Панны Марыі, каб яно прынесла багатыя плады для Румыніі і Касцёла на гэтых землях”, - залікаў падчас агульнай аўдыенцыі Францішак.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
05 чэрвеня 2019, 11:25