Пошук

Vatican News
Папа Францішак і кардынал Марк Уэле Папа Францішак і кардынал Марк Уэле  (Vatican Media)

Ватыканскі кардынал пра новы “motu proprio” Папы

Motu proprio “Vos estis lux mundi” з’яўляецца плёнам сустрэчы на тэму “Абарона непаўналетніх у Касцёле”, якая ў лютым 2019 г. прайшла ў Ватыкане, падкрэсліў прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.

Папа ад самага пачатку падрыхтоўкі форума падкрэсліваў, што яго вынікі павінны быць канкрэтнымі і эфектыўнымі. Ён хацеў, каб кожны біскуп, які будзе прымаць удзел у асамблеі, вярнуўся ў сваю дыяцэзію з выразнымі думкамі пра тое, што трэба і што не трэба рабіць у сітуацыі злоўжыванняў. Менавіта гэтаму служыць прадстаўлены 9 мая 2019 г. у Ватыкане дакумент, распавёў кардынал Марк Уэле.

Паводле іерарха, “балючыя падзеі апошніх гадоў” у Касцёле, вядома, многаму навучылі, і motu proprio бярэ іх пад увагу, але, тым не менш, дакумент мае паўсюдны характар, таму “памылкова лічыць яго адказам на той ці іншы выпадак”. “Феномен з’яўляецца глабальным, таму і адказ на яго павінен быць універсальным і, як кажа Папа, канкрэтным”, - дадаў ён.

Ватыканскі прэфект падкрэсліў, што са з’яўленнем Апостальскага ліста біскупы не павінны адчуваць сябе пад наглядам ці падазрэннем. Проста сярод біскупаў не можа быць “элітарызму”, бо калі “святары былі вымушаны адаптавацца на адпаведных правіл, чаму гэтага не павінны рабіць біскупы і іншыя прадстаўнікі іерархіі?”, задаў рытарычнае пытанне кардынал.

“Мы ведаем, што, дзякуй Богу, амаль усе біскупы, як і святары і кансэкраваныя асобы, імкнуцца наследаваць прыклад Езуса Хрыста ў штодзённым жыцці, даючы сведчанне аб Евангеллі. Але там, дзе ёсць цяжкасці, мы павінны іх вырашаць, асабліва калі ў іх уключаны біскуп. Наступнікі апосталаў, а таксама вышэйшыя настаяцелі, маюць асаблівую адказнасць за абарону статку, што быў ім давераны”, - звярнуў увагу іерарх.

Каментуючы пункт, які тычыцца залучэння свецкіх вернікаў у правядзенне следства адносна злоўжыванняў, кардынал Уэле падкрэсліў, што гэта не павінна “нерваваць” прадстаўнікоў духавенства. Звычайна такі працэс прадугледжвае наяўнасць тэхнічных, медыцынскіх, псіхалагічных, юрыдычных экспертаў, якімі і з’яўляюцца свецкія. Тым не менш, адказнасць за тое, каб аб’яднаць усе вынікі расследавання і прыняць канчатковае рашэнне ляжыць цяпер на Мітрапаліце, нагадаў прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 мая 2019, 13:47