Пошук

Vatican News

Святы Айцец сустрэўся з дэлегацыяй “Papal Foundation”

Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю амерыканскага “Papal Foundation”, які аказвае матэрыяльную падтрымку дзейнасці Святога Айца і шматлікім касцёльным праектам.

Сустрэча адбылася 10 мая 2019 г. у Клементыйскай зале Апостальскага палаца. Перш за ўсё, Пантыфік падзякаваў гасцям за шчодрасць, з якой іх Фонд спрыяе рэалізацыі шматлікіх дабрачынных праектаў Касцёла і дзейнасці Святога Айца.

“На працягу гадоў, што мінулі з часу заснавання вашага Фонду, вы зрабілі вялікі ўнёсак у пашырэнне духу братэрства і міру. Падтрымкай, якую вы аказваеце розным адукацыйным, дабрачынным і апостальскім праектам, а таксама стыпендыямі, якія выдзяляеце свецкім вернікам, кансэкраваным асобам і святарам, вы сведчыце пра нястомную руплівасць Касцёла ў спрыянні ўсебаковаму развіццю чалавечай сям’і. У свеце, сумна пазначаным насіллем і канфліктамі, матэрыяльнай і духоўнай беднасцю, а вельмі часта – людской абыякавасцю, вашая праца дапамагае несці евангельскае пасланне надзеі і міласэрнасці тым, для каго становяцца карыснымі вашыя намаганні і вашая шчодрасць”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што місія Папскага Фонду салідарна з’яднаная з Наступнікам св. Пятра, і таму папрасіў усіх прысутных маліцца ў інтэнцыі патрэб Касцёла, аб пашырэнні Евангелля і навяртанні людскіх сэрцаў, а таксама за сябе і сваё служэнне. Пантыфік даручыў прадстаўнікоў Фонду заступніцтву Марыі, Маці Касцёла, і ўдзяліў ім сваё апостальскае благаслаўленне.

“Papal Foundation” (Папскі фонд) – гэта супольнасць ахвярадаўцаў і спонсараў, заснаваная ў 1988 г. у адказ на жаданне каталіцкага духавенства і свецкіх вернікаў ЗША арганізаваць адмысловую стабільную крыніцу падтрымкі Святога Айца і яго дзейнасці. За час існавання Фонду яго капітал перавысіў 215 млн. долараў, з якіх 121 млн. долараў былі выдзелены на гранты і стыпендыі. Выканаўчы камітэт Фонду складаецца з дзеючых кардыналаў, а таксама кардыналаў-эмерытаў, што пражываюць у ЗША. Штогод члены Папскага фонду арганізуюць пілігрымку ў Рым, падчас якой сустракаюцца са Святым Айцом.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 мая 2019, 12:52