Пошук

1559316162556.JPG

Папа на Імшы ў Бухарэсце: праблемы ў веры ад недахопу радасці

Сустрэча Альжбеты і Марыі, а таксама “Магніфікат” Маці Божай сталі натхненнем для гаміліі Францішка, якую ён прамовіў 21 мая 2019 г. на св. Імшы ў катэдрыльным касцёле св. Юзафа ў Бухарэсце.

Гімн Марыі Францішак назваў спевам надзеі, які мае моц абудзіць сённяшняга чалавека. Ён звярнуў увагу на тры жэсты Багародзіцы, якія выявіліся ў сустрэчы з Альжбетай: пілігрымаванне, сустрэча і радасць.

Пантыфік заўважыў, што ўсе падарожжы Марыі маюць адну агульную рысу: яны ніколі не былі лёгкімі, заўсёды патрабавалі мужнасці і цярпення: падарожжа з Галілеі ў Бэтлеем, дзе народзіцца Езус; уцёкі ў Егіпет, каб выратаваць Дзіця ад Ірада; штогадовае вандраванне ў Ерузалем на Пасху; і ў канчатковым рахунку, Крыжовы Шлях з Езусам на Галгофу. Яна добра ведае, што такое стомленасць ад хады, таму бярэ нас за руку і вядзе праз нашы цяжкасці і самыя небяспечныя павароты нашага жыцця, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Ён запрасіў румынскіх вернікаў да сузірання Марыі ў жанчынах, маці і бабулях, якія жывуць ціхай ахвярай, ​​адданасцю і самаадрачэннем, рыхтуючы глебу для будучыні народа. Яны не баяцца “закасаць рукавы” і ўзяць на плечы цяжкасці дзеля сваіх дзяцей і сям’і.

“[Гледзячы на ​​Марыю і на твары ўсіх гэтых маці, мы адчуваем і сілкуемся пачуццём надзеі]”

, - сказаў Папа.

Сустрэча Марыі і Альбеты незвычайная і таму, што маладая жанчына ідзе да старэйшай, шукаючы сваіх каранёў; і пажылая асоба адраджаецца, па-прарочы прадвяшчаючы будучыню маладой. Менавіта тут сустракаюцца і абдымаюцца маладосць і старасць, абуджаючы ў адно ў адным самае лепшае. Францішак назваў гэта “цудам культуры сустрэчы, дзе ніхто нікога не адкідвае, дзе на нікога не прычэпліваюць ярлыкоў”.

Галоўным героем тут з’яўляецца Святы Дух, “Які вучыць нас глядзець за межы бачнага і добра казаць пра іншых – благаславіць іх”. Гэта асабліва актуальна ў дачыненні да братоў і сясцёр, якія засталіся без прытулку ці скарынкі хлеба, сяброўства і чалавечага цяпла.

Разуменне таго, што Бог з’яўляецца магутным Збаўцам, дазваляе нам, як Марыі, спяваць і радавацца, - падкрэсліў Францішак, звяртаючы ўвагу на трэці жэст Багародзіцы. Без радасці хрысціянін застаецца паралізаваным, з’яўляецца рабом смутку. Часта праблема веры ў Касцёле – гэта не недахоп сродкаў, а дэфіцыт радасці.

“[Вера падае, калі лавіруем у смутку i маркоце]”

, - сказаў Папа.

Паводле яго, калі жывём у недаверы, сканцэнтраваныя на сабе, мы супярэчым веры. “Замест таго, каб разумець, што мы дзеці Божыя, для якіх Ён робіць вялікія рэчы, мы зводзім усё да нашых праблем. Мы забываем, што мы не сіроты, што ў нас ёсць Айцец, магутны Збаўца”, - заўважыў Францішак, дадаўшы, што ў такія моманты Марыя прыходзіць нам на дапамогу.

Менавіта ў Маці Божай мы знаходзім таямніцу нашай радасці. Яна нагадвае нам, што Бог можа рабіць цуды заўсёды, калі мы адкрываем нашы сэрцы да яго і да нашых братоў і сёстраў. Пантыфік прапанаваў узгадаць вялікіх сведак Румыніі: простых людзей, якія не пакінулі веры ў Бога ў разгар пераследу. “Іх слёзы не былі марнымі. Яны сталі малітвай, якая паднялася на неба і ажывіла надзею гэтага народа”, - сказаў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры, Марыя пілігрымуе, сустракаецца і радуецца, таму што нясе нешта большае, чым яна сама: яна з’яўляецца носьбітам благаслаўлення. Як і яна, давайце мы таксама не будзем баяцца несці благаслаўленне, у якім мае патрэбу Румынія. Будзьце носьбітамі культуры сустрэчы, якая супрацьстаіць абыякавасці і падзелам, дазваляючы гэтай зямлі праслаўляць міласэрнасць Пана”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 мая 2019, 18:36