Cerca

Vatican News

Папа да журналістаў: карыстацца словам, як хірург скальпелем

Журналісты павінны ўлічваць моц слова, якім карыстаюцца, і працаваць згодна з праўдай і справядлівасцю, утрымліваючыся ад публікацыі неправераных навін, перакананы Францішак.

18 мая 2019 г., напярэдадні 53-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі, які будзе адзначацца 2 чэрвеня, Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Асацыяцыі замежнай прэсы ў Італіі.

Каштоўнасць журналісцкай працы, па словах Папы, у тым, што яна спрыяе пошуку праўды, якая робіць людзей свабоднымі. Францішак пажадаў, каб сродкі камунікацыі служылі “інструментам для будаўніцтва, а не для разбурэння; для сустрэчы – не для сутычак; для дыялогу – не для маналогу; для накіроўвання – не для дэзарыентацыі; для ўзаемаразумення – не для ўвядзення ў зман; для шляху супакою – не для распаўсюджвання нянавісці; для таго, каб даць голас тым, хто яго не мае, а не для таго, каб служыць рупарам тым, хто крычыць галасней”.

Асноўным элементам журналісцкай прафесіі Францішак назваў пакорлівасць. Пакорлівае ўсведамленне абмежаванасці ўласных ведаў – вось што, на думку Папы, не дазваляе журналісту заставацца павярхоўным, задавольвацца першымі атрыманымі адказамі, стымуляваць стэрэатыпы, адмаўляцца ад руплівага пошуку праўды.

“У час засілля непрыязных слоў, калі казаць дрэнна пра іншых і класіфікаваць людзей для многіх стала звычкай, трэба заўсёды памятаць, што кожная асоба надзелена недатыкальнай годнасцю.(...) У час, калі многія распаўсюджваюць фэйкавыя навіны, пакорлівасць не дае гандляваць сапсаванай ежай дэзінфармацыі, але заклікае прапаноўваць добры хлеб праўды”

, - сказаў Папа.

Пакорлівыя журналісты – не пасрэдныя, але тыя, якія ўсведамляюць, што артыкулам, твітам, тэле- ці радыёперадачай могуць прычыніць шкоду бліжняму і нават цэлай супольнасці, калі пагрэбуюць уважлівасцю і скрупулёзнасцю, патлумачыў Святы Айцец. Пантыфік заклікаў супрацоўнікаў СМІ “карыстацца словам, як хірург карыстаецца скальпелем”.

Відэа-рэпартаж з сустрэчы

Нарэшце, “пакорлівы журналіст – гэта свабодны журналіст”, а свабода патрабуе адважнасці, дадаў Францішак. Ён заахвоціў сваіх гасцей “стаяць на баку ахвяр, тых, каго пераследуюць, на баку ізаляваных, адчужаных, дыскрымінаваных”. У той жа час, ён папрасіў не забываць, што ў свеце “існуе акіян дабра, які заслугоўвае таго, каб пра яго ведалі”, і заклікаў расказваць пра рэчаіснасць, пазбаўленую абыякавасці, дзе не ўцякаюць перад абліччам несправядлівасці, але працягваюць ціхмяна і маўкліва будаваць.

Развітваючыся з прадстаўнікамі Асацыяцыі замежнай прэсы ў Італіі, Францішак пажадаў ім “быць люстэркам, якое ўмее адлюстроўваць надзею”.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 мая 2019, 12:46