Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў Сафіі Папа падчас св. Імшы ў Сафіі  (AFP or licensors)

Папа да балгарскіх католікаў: сведчыць пра Божую любоў

Сведчыць пра Божую любоў і імкнуцца да святасці, заклікаў Францішак балгарскіх католікаў. 5 мая 2019 г. ён узначаліў св. Імшу на плошчы св. Аляксандра Неўскага ў Сафіі.

У гаміліі Францішак заахвоціў не паддавацца спакусе настальгіі па мінулым, як гэта рабілі яўрэі ў пустыні або св. Пётр, які вярнуўся да лоўлі рыбы, пасля досведу расчаравання, пакут і здрады.

“Перад абліччам паразы, пакут і нават таго факту, што ўсё адбываецца не так, як мы спадзяваліся, заўсёды з’яўляецца падступная і небяспечная спакуса, якая запрашае расчаравацца і апусціць рукі”, - сказаў Папа.

“[Гэта магільная псіхалогія, якая ўсё афарбоўвае ў безвыходнасць, прывязвае нас да пэўнага роду саладжавага смутку, які, на падабенства молі, раз’ядае кожную надзею]”

, - дадаў ён.

Францішак зазначыў, што так унутры супольнасці можа ўкараніцца самая небяспечная пагроза: “шэры прагматызм жыцця, у якім быццам бы ўсё нармальна, у той час як на самой справе вера слабее і зводзіцца да пасрэднасці”.

У такой сітуацыі, паводле Святога Айца, важна заўсёды памятаць, што Бог кліча, дае новую магчымасць, запрашае ўзняцца і глядзець у вышыню. “Калі жыццё скіроўвае пакліканне Пана, сэрца становіцца маладзейшым”, дадаў ён.

Папа нагадаў, што Бог здзіўляе, а таксама заклікае рабіць дзіўныя рэчы. Ён дае сваім вучням давер і падштурхоўвае рызыкаваць, не лічыць нішто і, асабліва, нікога, канчаткова згубленым, таму што Бог любіць, а любоў – гэта Яго мова.

“[Вось наша сіла, якую мы пакліканы штодзённа абнаўляць: Пан нас любіць. Быць хрысціянінам – гэта пакліканне верыць у тое, што Божая Любоў большая за любую недасканаласць і грэх]”

, - сказаў Пантыфік.

Ён заўважыў, што ў сучасную эпоху хрысціяне нярэдка абвяшчаюць Бога такім чынам, што людзі не атаясамліваюць Яго імя з любоўю. “Бог – гэта любоў, якая любіць, дорыць сябе, кліча і здзіўляе”, - зазначыў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў сведчыць пра Божую любоў, змагаючыся за агульнае дабро, служачы бедным, будучы галоўнымі дзеючымі асобамі рэвалюцыі любові і служэння, здольнымі супрацьстаяць паталогіі спажывальніцкага і пасрэднага індывідуалізма.

“Поўныя любові да Хрыста, жывыя сведкі Евангелля ў кожным кутку гэтага горада, не бойцеся быць святымі, у якіх гэта зямля мае патрэбу. Святасць не пазбавіць вас сілы, жыцця ці радасці, але зробіць адваротнае, бо вы і дзеці гэтай зямлі станеце тым, пра што марыў Айцец, калі вас ствараў”, - пажадаў балгарскім вернікам Папа.

Рэпартаж са св. Імшы ў Сафіі
Навіна ў фармаце аўдыё
05 мая 2019, 16:04