Пошук

2019-05-18-federazione-europea-banchi-aliment-1558171430553.JPG

Пантыфік: сёння патрэбна эканоміка, якая мае душу

Змагацца з жудаснай язвай голаду – значыць змагацца з марнатраўствам, якое сведчыць “пра раўнадушнасць да рэчаў і абыякавасць да тых, хто іх пазбаўлены”, лічыць Святы Айцец.

Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Еўрапейскай федэрацыі харчовых банкаў. Сустрэча адбылася 18 мая 2019 г., у заключны дзень штогадовага пасяджэння ўзгаданай структуры, якое з нагоды 30-годдзя заснавання Харчовага банка Італіі праходзіла ў Рыме.

Перш за ўсё, Святы Айцец падзякаваў прысутным за іх працу – за канкрэтныя намаганні па забеспячэнні ежай тых, хто яе не мае.

“[Вы бераце тое, што трапляе ў заганны круг выкідання, і ўводзіце яго ў дабрадзейны круг разважлівага карыстання]”

, - заўважыў Папа.

Ён перасцярог, што “выкідаць ежу – значыць выкідаць чалавека”, і дадаў, што сорамна сёння не ўсведамляць, наколькі каштоўнай з’яўляецца ежа і наколькі шмат добрага не выкарыстоўваецца належным чынам.

Яшчэ горш тое, што дрэнная звычка неразважлівага карыстання можа распаўсюдзіцца нават на ўчынкі міласэрнасці: часам шчодрыя памкненні, натхнёныя выдатнымі намерамі, зводзяцца на “не” канцыляршчынай і завышанымі тратамі або набываюць форму асістэнцыялізму – гіпертрафаванай дзяржаўнай апекі, – які не вядзе да сапраўднага развіцця.

“[Выкіданне не можа быць апошнім словам, пакінутым у спадчыну невялікай колькасцю заможных асоб, у той час як большая частка чалавецтва працягвае маўчаць]”

, - сказаў Францішак.

Дабро павінна чыніцца добра, а для гэтага патрэбна цэласнае бачанне рэчаіснасці і чалавека ў яго супольнасці, сказаў Папа. На яго думку, у гэтым вялікую патрэбу мае эканоміка. У сучасным свеце, дзе ўсё ўзаемазвязана і адбываецца вельмі хутка, дзе разам з гонкай за прыбыткам абвастраецца ўнутраная ўразлівасць людзей, патрэбна эканоміка, якая мае душу, а не “некантраляваная машына, што прыгнятае людзей”.

Эканоміка стала безаблічнай. Замест таго каб служыць чалавеку, яна прыгнятае яго, занявольвае ва ўсё больш аддаленых ад рэчаіснасці і ўсё менш кіруемых фінансавых механізмах.

Каб супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі, трэба падтрымліваць тых, хто хоча змяняць сітуацыю ў лепшы бок, спрыяць мадэлям росту, заснаваным на сацыяльнай роўнасці і чалавечай годнасці, на сям’і і будучыні моладзі, на павазе да навакольнага асяроддзя.

Папа пажадаў сваім гасцям працягваць ісці наперад і пашыраць дабро, залучаючы да сваёй працы іншых, асабліва моладзь.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 мая 2019, 13:51