Cerca

Vatican News
Папа Францішак падчас сустрэчы з Патрыярхам Неафітам Папа Францішак падчас сустрэчы з Патрыярхам Неафітам  (ANSA)

Францішак пра экуменізм крыві, клопату пра бедных і місіянерства

Падзел паміж хрысціянамі, гэта рана на целе Хрыста, адзначыў Папа падчас сустрэчы з Патрыярхам Неафітам і членамі Святога Сінода Балгарскай Праваслаўнай Царквы. Яна прайшла 5 мая 2019 г. у Сафіі.

У першую чаргу Францішак нагадаў пра “экуменізм крыві”, які лучыць усіх хрысціян, а таксама пра “сведкаў Пасхі” розных канфесій, якія пакутавалі ад пераследу за веру на працягу мінулага стагоддзя.

“Я думаю, што гэтыя сведкі Пасхі, браты і сёстры розных канфесій, паяднаныя на нябёсах боскай любоўю, зараз глядзяць на нас, як на зерні, кінутыя ў зямлю, каб прынесці плады. І ў той час, як многія іншыя браты і сёстры ў свеце працягваюць пакутаваць за сваю веру, яны просяць нас не заставацца закрытымі, але адкрыцца, бо толькі так зерні могуць прынесці плод”, - сказаў ён.

Францішак пажадаў, каб супрацоўніцтва і дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Балгарскай Праваслаўнай Царквой працягваліся. “Мы пакліканы крочыць і працаваць разам, каб сведчыць аб Пану, асабліва служачы самым бедным і забытым братам, у якіх Ён прысутны. Гэта экуменізм беднага”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заклікаў крочыць шляхам, вызначаным святымі Кірылам і Мятодам, якія паставілі на першае месца абвяшчэнне Пана, пакліканне да місіі, а не супрацьстаянне.

“У той час, калі ўжо праглядаліся знакі, якія прадказвалі балючыя падзелы, што адбыліся ў наступныя стагоддзі, яны выбралі перспектыву адзінства. Місія і адзінства: два словы, якія заўсёды выразныя ў жыцці гэтых двух святых і якія могуць асвяціць наш шлях, каб узрастаць у братэрстве. Гэта экуменізм місіі”, - дадаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, культ святых Кірыла і Мятода і св. Аляксандра Неўскага, шырока распаўсюджаны Балгарыі, падкрэслівае значэнне гэтай краіны, як маста паміж рознымі хрысціянскімі традыцыямі.

“Ваша Святасць, дарагія браты, запэўніваю ў маёй малітве за вас, за вернікаў гэтага дарагога народа, за высокае пакліканне гэтай краіны, за наш шлях экуменізму крыві, беднага і місіі. Са свайго боку прашу і вас аб малітве, з упэўненасцю, што яна з’яўляецца брамай, якая адкрывае любыя добрыя шляхі”, - сказаў Пантыфік на заканчэнне прамовы.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 мая 2019, 11:31