Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Спачуванні і малітва Святога Айца пасля тэракту ў Буркіна-Фасо

“Папа з смуткам даведаўся пра чарговы напад на храм у Буркіна-Фасо”, - пра гэта заявіў часовы кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду. Ахвярамі тэракту сталі мясцовы пастар, двое яго сыноў і трое вернікаў.

“Папа Францішак моліцца за ахвяр, за іх сем’і і за ўсю хрысціянскую супольнасць краіны”, - дадаў Алесандра Джызоці.

Напад быў здзейснены 28 красавіка 2019 г. падчас нядзельнага набажэнства ў пратэстанцкім храме пасёлка Сільгаджы. Ён пагоршыў сітуацыю ў краіне, дзе і без таго расце напружанасць: у мінулую пятніцу ў школе горада Майтагу група джыхадзістаў забіла шэсць чалавек.

У заходнеафрыканскай краіне Буркіна-Фасо доўгі час існавала рэлігійная талерантнасць, і гэты тэрарыстычны акт з’яўляецца першым нападам на месца культу. Больш за 60% жыхароў краіны – мусульмане, 25% – гэта хрысціяне. У апошнія месяцы ўзрасла колькасць выпадкаў насілля рэлігійнага характару.

Ад 2016 г. узброеныя групоўкі здзейснілі ў Буркіна-Фасо больш за 200 нападаў на вёскі, школы і бальніцы, прымушаючы тысячы людзей пакінуць свае дамы. Па падліках ААН, больш за мільён жыхароў краіны маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 красавіка 2019, 12:20