Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (Vatican Media)

Папа падчас “Анёл Панскі”: прызнаць сябе грэшнікамі

Прызнаць сябе грэшнікамі і прасіць у Бога прабачэння, заклікаў Францішак 7 красавіка 2019 г. у разважанні перад “Анёл Панскі”, якой памаліўся апоўдні з вернікамі, сабранымі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Прапануем поўны тэкст медытацыі Пантыфіка:

“У гэту Пятую нядзелю Вялікага посту, літургія прапануе нам гісторыю жанчыны, якую злавілі на чужаложстве (Ян 8, 1-11). Тут супрацьстаяць два стаўленні: кніжнікаў і фарысеяў, з аднаго боку, і Езуса – з другога. Першыя хочуць асудзіць жанчыну, таму што лічаць сябе захавальнікамі Закона і яго дакладнага прымянення. У супрацьлегласць гэтаму, Езус хоча выратаваць яе, таму што ўвасабляе міласэрнасць Бога, Які, прабачаючы, рэалізуе адкупленне, а яднаючы, абнаўляе.

Давайце паглядзім на ход падзей. Калі Езус вучыў у храме, кніжнікі і фарысеі прывялі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Яны паставілі яе пасярэдзіне і спыталіся ў Езуса, ці павінны каменаваць яе, як гэта прадпісана Законам Майсеевым. Евангеліст сцвярджае, што задалі пытанне, “бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго” (Ян 8, 6). Можна меркаваць, што іх мэта была наступнай – паглядзіце на бязбожнасць гэтых людзей, – адсутнасць згоды на каменаванне прывяла б да абвінавачвання Езуса ў непадпарадкаванні Закону; у той час, як згода стала б прычынай даносу да рымскіх уладаў, якія зарэзервавалі сабе выдачу судовых рашэнняў і не дапускалі калектыўнага самасуду. І Езус павінен быў даць адказ.

“[Суразмоўнікі Езуса, зачыненыя ў абмежаваннях легалізму, хочуць зачыніць Сына Божага ў сваёй перспектыве меркаванняў і асуджэння.]”

Але Ён прыйшоў у свет, не каб асуджаць, а, каб збаўляць і даваць людзям новае жыццё. І якая рэакцыя Езуса на гэта выпрабаванне? Перш за ўсё, на імгненне Ён у маўчанні нахіляецца, каб пісаць пальцам па зямлі, нагадваючы, што адзіным Заканадаўцам і Суддзёй ёсць Бог, а потым кажа: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень” (Ян 8, 7). Такім чынам, Езус звяртаецца да сумлення гэтых людзей: яны адчувалі сябе “захавальнікамі справядлівасці”, але Ён нагадвае іх сумленню, што яны – людзі грэшныя, і, такім чынам, не могуць прэтэндаваць на права прымаць рашэнне аб жыцці або смерці падобнага да іх чалавека. У той жа момант, адзін за адным, пачынаючы з старэйшых – найбольш свядомых сваёй слабасці – усе сыходзяць, адмаўляючыся ад намеру каменаваць жанчыну.

“[Гэтая сцэна заклікае кожнага з нас да разумення, што мы грэшнікі, і выкідання з нашых рук камянёў ачарненне і асуджэння, якія часам мы хацелі б кінуць у іншых. Калі паклёпнічаем на іншых, мы кідаем камяні – становімся падобнымі на іх.]”

У рэшце рэшт, засталіся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне – “тая, якая патрабавала міласэрнасці і сама міласэрнасць”, як казаў св. Аўгустын. Езус з’яўляецца адзіным беззаганным, адзіным, хто можа кінуць у яе камень, але не робіць гэтага, таму што Бог “не хоча смерці грэшніка, а каб грэшнік адвярнуўся ад шляху свайго і жывы быў” (Эз 33, 11). І Езус развітваецца з жанчынай наступнымі дзіўнымі словамі: “Ідзі, і адгэтуль больш не грашы” (Ян 8, 11). Гэта адкрывае для яе новы шлях, створаны міласэрнасцю, які патрабуе яе ўдзелу ў тым, каб больш не грашыць.

“[Гэта запрашэнне датычыцца ўсіх нас: калі Езус даруе нам, заўсёды адкрывае новы шлях наперад.]”

У гэты час Посту, мы пакліканы прызнаць сябе грэшнікамі і прасіць у Бога прабачэння. І прабачэнне, у сваю чаргу, рэалізуючы наша паяднанне, дае спакой, дазваляе пачаць новую гісторыю. Мэтай кожнага сапраўднага навяртання з’яўляецца новая будучыня, новае жыццё, прыгожае, свабоднае ад граху, шчодрае. Не варта баяцца прасіць Езуса аб прабачэнні, таму што Ён адчыняе дзверы да новага жыцця.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам сведчыць усім міласэрную любоў Бога, Які ў Езусе даруе нам і робіць наша жыццё новым, прастаянна ахвяруючы нам новыя магчымасці”, - сказаў Пантыфік.

Завяршаючы сваю нядзельную сустрэчу з вернікамі, Францішак, як заўсёды, папрасіў іх маліцца за яго служэнне.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
07 красавіка 2019, 14:28