Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі 

Пантыфік на агульнай аўдыенцыі: мы ўсім абавязаны Богу

Перад Богам мы ўсе грэшнікі, якія маюць патрэбу ў Яго прабачэнні, - падкрэсліў Папа 10 красавіка 2019 г., падчас агульнай аўдыенцыі. Ён працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”.

Францішак зазначыў, што, пасля просьбы аб штодзённым хлебе, Езус вучыць казаць: “Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым”. “Як маем патрэбу ў хлебе, так маем патрэбу ў прабачэнні. Штодзённа”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Хрысціянін, які моліцца, у першую чаргу, просіць Бога, каб былі прабачаны яго правіны, яго грахі, яго кепскія ўчынкі. Гэта першая праўда кожнай малітвы: нават калі б мы былі дасканалымі асобамі, крыштальна святымі, якія ніколі не спатыкаюцца, мы заўсёды застанёмся дзецьмі, абавязанымі ўсім Айцу. Якая самае небяспечная пастава ў хрысціянскім жыцці?– пыха! Гэта стаўленне чалавека, які становіцца перад Богам і думае, што мае ўпарадкаваныя рахункі з Ім, думае, што мае ўсё на сваім месцы”, - заўважыў Папа.

Францішак прыгадаў евангельскую прыпавесць пра фарысея, якія ўзвышаў сябе ў малітве, і мытніка, які не адчуваў сябе годным проста ўвайсці ўнутр святыні, і цалкам даверыўся Божай міласэрнасці.

“[Менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы”: прабачаны, збаўлены. Чаму? Таму што не быў пыхлівым, таму што прызнаваў сваю абмежаванасць і грахі]”

, - патлумачыў Папа.

Святы Айцец зазначыў, што існуюць грахі бачныя і нябачныя, грахі відавочныя і грахі каварныя, якія затойваюцца ў сэрцы, існуюць незаўважанымі. Самы горшы з іх – гэта пыха, якая можа заразіць і тых людзей, якія вядуць інтэнсіўнае рэлігійнае жыццё. Гэта грэх, які стварае падзел паміж братамі, які робіць так, што лічым сябе лепшым за іншых, што пачынаем лічыць сябе падобнымі да Бога.

Францішак нагадаў, што перад Богам “мы ўсе грэшнікі і маем усе прычыны біць сябе ў грудзі, як той мытнік у святыні”. Ён прыгадаў словы з Першага Паслання св. Яна: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе” (1,8).

“[Мы з’яўляемся даўжнікамі, у першую чаргу, таму, што атрымалі шмат у гэтым жыцці: само жыццё, бацьку і маці, сяброўства, цуд стварэння... Нават, калі ўсім даводзіцца перажываць цяжкія дні, мы павінны памятаць заўсёды, што жыццё – гэта ласка, гэта цуд, які Бог стварыў з нічога]”

, - падкрэсліў Пантыфік.

“Другая прычына, чаму мы з’яўляемся даўжнікамі, у тым, што нават калі мы здольныя любіць, ніхто з нас не можа рабіць гэтага толькі дзякуючы сваім уласным сілам. Мы можам па-сапраўднаму любіць, але толькі з дапамогай Божай ласкі. Ніхто з нас не выпраменьвае ўласнага святла. “Mysterium lunae” прысутнічае не толькі ў тоеснасці Касцёла, але і ў гісторыі кожнага з нас. Што значыць “mysterium lunae”? Гэта як месяц, які свеціць не сам, а адлюстроўвае святло сонца. Таксама і мы не выпраменьваем святло самі: святло, якое маем, гэта адлюстраванне Божай ласкі, Божага святла. Калі любіш – гэта таму што нехта побач з табой усміхнуўся табе, калі ты быў дзіцём, навучыў цябе адказваць з усмешкай. Калі любіш – гэта таму, што хтосьці побач абудзіў цябе да любові, дапамог табе зразумець, што ў ёй заключаны сэнс жыцця”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што слухаючы гісторыі людзей, якія зрабілі шмат памылак у жыцці, напрыклад, вязняў, асуджаных, наркаманаў, часам узнікае пытанне, ці, акрамя іх асабістай адказнасці, не стаіць за гэтым нейкая гісторыя нянавісці ці адзіноты, якую яны носяць у душы?

“[Гэта “mysterium lunae”: мы любім, у першую чаргу таму, што нас любілі, прабачаем, таму што былі прабачаны. І калі нехта не быў асветлены святлом сонца, становіцца халодным, як зямля ўзімку]”

, - заўважыў Францішак.

“Як не распазнаць у ланцугу любові, які нас апярэджвае, правідэнцыйную прысутнасць Бога? Ніхто з нас не любіць Бога так, як Ён любіць нас. Дастаткова стаць перад распяццем, каб убачыць дыспрапорцыю! Ён нас палюбіў і заўсёды любіць першы”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў не пераставаць лічыць сябе даўжнікамі Бога і прасіць аб Яго міласэрнасці.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
10 красавіка 2019, 11:10