Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстратыўнае фота Папа Францішак. Ілюстратыўнае фота  (ANSA)

Францішак кансэкруе алтар у рымскім касцёле

У нядзелю, 7 красавіка 2019 г., Францішак наведае рымскую парафію св. Юлія, у раёне Монтэвэрдэ, у заходняй частцы Вечнага горада. Падчас візіту ён правядзе кансэкрацыю новага алтара святыні.

Пастырскі візіт Святога Айца распачнецца каля 15.45. Ля ўваходу ў касцёл яго сустрэнуць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс, дапаможны біскуп Паола Сэльвададжы і пробашч парафіі, кс. Дарыё Фраціні.

Папа правядзе традыцыйныя сустрэчы з рознымі парафіяльнымі групамі: дзецьмі і моладдзю, хворымі і пажылымі людзьмі. Пантыфік паспавядае некалькі вернікаў, а потым узначаліць св. Імшу, падчас якой адбудзецца кансэкрацыя новага алтара. У ім будуць змешчаны рэліквіі св. Яна Боска, св. Маргарыты Марыі Алякок і св. Марыі Гарэці.

На працягу апошніх трох гадоў у рымскім касцёле св. Юлія праходзіла грунтоўная рэканструкцыя. Увесь гэты час парафіяльная супольнасць малілася пад спецыяльным навесам, зробленым на тэрыторыі араторыя.

“Нарэшце мы вяртаемся ў наш касцёл. Пад навесам было вельмі нязручна: мы пакутавалі ад спёкі і холаду, набажэнствам часта перашкаджаў шум машын. Зараз жа, дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з Рымскім вікарыятам, наш касцёл стаў як новы і я ніколі не чакаў, што першую св. Імшу ў ім будзе цэлебраваць папа Францішак”, - сказаў пробашч парафіі ў каментары для выдання Рымскай дыяцэзіі “Roma Sette”.

У якасці падзякі за візіт, парафія перадасць Пантыфіку ахвяраванні, якія збіраліся на працягу чатырох папярэдніх нядзель Вялікага посту. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на дапамогу бяздомным у рамках адмысловага праекту дыяцэзіяльнай “Caritas”.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 красавіка 2019, 11:01