Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі 

Францішак: Езус замяніў закон расплаты на закон любові

Езус замяніў закон расплаты на закон любові, нагадаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 красавіка 2019 г. прайшла на ватыканскай плошчы св. Пятра.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”, Папа засяродзіў сваю ўвагу на словах: “як і мы адпускаем вінаватым нашым”. Ён нагадаў, што чалавек заўсёды з’яўляецца даўжніком перад Богам, бо менавіта ад Яго мы атрымалі ўсё.

“Сапраўды, няма месца самаўзвышэнню, калі складаем далоні ў малітве. Не існуе ў Касцёле “self-made man” – людзей, якія зрабілі сябе самі. Мы ўсе даўжнікі перад Богам і перад шматлікімі людзьмі, якія падарылі нам спрыяльныя ўмовы для жыцця. Наша тоеснасць будуецца на аснове атрыманага дабра. У першую чаргу жыцця”, - сказаў Папа.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра

Паводле Папы, хто моліцца, той вучыцца казаць “дзякуй” і просіць Бога аб добразычлівасці да сябе.

“Як бы мы не намагаліся, заўсёды застанецца велізарны доўг перад Богам, які ніколі не зможам аддаць: Ён любіць нас бясконца больш, чым мы любім Яго. І потым, як бы мы не імкнуліся жыць згодна з хрысціянскімі настаўленнямі, у нашым жыцці заўсёды будзе штосьці, за што трэба будзе прасіць прабачэння: падумаем пра дні, праведзеныя ў гультайстве, пра моманты, калі крыўда заняла наша сэрца і г.д. Гэта сітуацыі, на жаль нярэдкія, якія прымушаюць нас усклікаць: “Пане, Ойча, адпусці нам правіны нашыя...”, - дадаў ён.

Папа заўважыў, што Езус вучыць не толькі прасіць аб прабачэнні грахоў, але ўмацоўвае гэту просьбу з дапамогай “бязлітаснага злучніка” “як” - “як” і мы прабачаем нашым сябрам, людзям, што жывуць з намі, нашым блізкім, тым, хто зрабіў нам штосьці нядобрае”. Такім чынам “адносіны вертыкальнай добразычлівасці з боку Бога праламляюцца і павінны перамяніцца ў новыя адносіны з нашымі братамі, гарызантальныя адносіны”. “Добры Бог заклікае быць добрымі ўсіх нас”, - дадаў Папа.

“[Але вельмі шчодрая Божая ласка, заўсёды патрабуе высілкаў. Хто шмат атрымаў, павінен навучыцца шмат даваць, а не захоўваць атрыманае выключна для сябе]”

, - зазначыў Пантыфік.

“Невыпадкова, што Евангелле св. Мацвея, адразу пасля таго, як дорыць тэкст малітвы “Ойча наш”, сярод сямі выкарыстаных выразаў, падкрэслівае менавіта той, які тычыцца братэрскага прабачэння: “Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што прабачэнне бліжняга – гэта ўмова для атрымання прабачэння Бога. “Любоў выклікае любоў, прабачэнне выклікае прабачэнне”, - дадаў ён. У якасці прыкладу Пантыфік прыгадаў евангельскую прыпавесць пра слугу, якому быў прабачаны доўг у дзесяць тысяч талантаў (пар. Мц 18,21-35).

“Гэта сума, якую немагчыма было аддаць. Не ведаю, колькі б гэта было сёння, можа каля сотні мільёнаў! Але здарыўся цуд: гэты слуга атрымаў не адтэрміноўку плацяжу, але поўнае спісанне доўга. Якая неспадзяваная ласка! Але вось менавіта гэты слуга, адразу ж накінуўся на свайго брата, які быў яму вінен сто дынараў – дробязь! – і, нават калі гэта была невялікая сума, не прыняў ні прабачэнняў, ні мольбаў. Таму, напрыканцы, гаспадар паклікаў яго і падверг асуджэнню, бо калі не намагаешся прабачаць, не будзеш прабачаны; калі не намагаешся любіць, не будзеш нават любімы”, - нагадаў ён.

“[Езус уводзіць у чалавечыя адносіны сілу прабачэння. У жыцці не ўсё вырашаецца праз справядлівасць. Асабліва там, дзе трэба паставіць бар’ер для зла, неабходна любіць больш чым належыць, каб даць пачатак гісторыі ласкі. Зло ведае свае помсты, а калі яго не спыніць, яно пагражае разліцца, затапіўшы ўвесь свет]”

, - папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік зазначыў, што “закон расплаты – тое, што ты зрабіў мне, я зраблю табе (...), – Езус замяняе законам любові: тое, што Бог зрабіў для мяне, я зраблю табе!”.

“Бог дорыць кожнаму хрысціяніну ласку пісання новай гісторыі дабра ў жыцці сваіх братоў, асабліва тых, якія зрабілі нешта прыкрае і памылковае. Праз слова, абдымкі, усмешку, мы можам перадаць іншым тое, самае каштоўнае, што атрымалі. А што з’яўляецца тым самым каштоўным, што мы атрымалі? – Прабачэнне, здольнасць адараць прабачэннем таксама і іншых”, - сказаў на завяршэнне катэхезы Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 красавіка 2019, 11:06