Пошук

Ілюстратыўнае фота Ілюстратыўнае фота 

Францішак: Божае слова – незаменная ін’екцыя жыцця

Божае слова – незаменная ін’екцыя жыцця, адзначыў Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі кангрэса Каталіцкай біблійнай федэрацыі. Аўдыенцыя прайшла 26 красавіка 2019 г. у Ватыкане.

Міжнародны кангрэс быў прымеркаваны да 50-годдзя аб'яднання каталіцкіх біблістаў. Ён адбыўся ў Рыме 23-26 красавіка 2019 г. на тэму : “Біблія і жыццё: біблійнай натхненне ўсяго душпастырскага жыцця і жыцця Касцёла. Досвед і выклікі”. У ім прымалі ўдзел дэлегаты з больш чым ста краін свету.

Спасылаючыся на словы Біблія і жыццё, Францішак зазначыў, што Божае слова заўсёды жывое, ажыўляе і менавіта праз яго падабаецца дзейнічаць Святому Духу. “Слова па-сапраўднаму нясе ў свет подых Бога, улівае ў сэрца Божае цяпло. Усе навуковыя даследаванні, усе кнігі, якія выдаюцца, знаходзяцца, і не могуць не знаходзіцца, на службе гэтаму. Яны, як дровы, што з цяжкасцю збіраем і складаем разам, каб служылі саграванню. Але, як дровы не могуць даваць агонь самі па сабе, так і самыя лепшыя даследаванні: патрэбна полымя, патрэбны Дух, каб Біблія запаліла сэрца і стала жыццём”, - сказаў Папа.

“[Біблія – гэта не проста цудоўны збор сакральных кніг, якія трэба вывучаць, але Слова жыцця, якое трэба сеяць, дар, які Уваскрослы просіць прыняць і раздаваць людзям, каб узнікала жыццё ў Яго імя]”

, - дадаў ён.

Паводле Францішка, у Касцёле Божае слова з’яўляецца незаменнай ін’екцыяй жыцця. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў важнасць гамілій. Яны павінны быць дзяленнем Духам, боскім Словам, што дакранулася да сэрца прапаведніка, які перадае яго цяпло, намашчэнне.

“Вялікая колькасць слоў штодзённа трапляе ў нашыя вушы, перадае нам інфармацыю і дае разнастайны input; колькасць слоў такая вялікая, празмерна, што нават пераўзыходзіць нашу магчымасць прымаць іх. Але мы не можам адмовіцца ад Слова Езуса, адзінага Слова вечнага жыцця, у якім маем патрэбу кожны дзень”, - дадаў ён.

Рэпартаж з аўдыенцыі для Каталіцкай біблійнай федэрацыі

Францішак выказаў пажаданне, каб наступіла “новая эпоха большага ўмілавання Святога Пісання ўсімі членамі Божага народу”, а таксама, каб Божае слова “усё больш станавілася сэрцам кожнай эклезіяльнай дзейнасці”; “сэрцам, якое б’ецца, якое ажыўляе члены Цела”. Існуе патрэба ў Касцёле, які “не гаворыць ад сябе і пра сябе, але мае ў сэрцы і на вуснах Пана, штодзённа чэрпае з Яго слова”.

“[Заўсёды застаецца спакуса абвяшчаць саміх сябе і казаць пра нашы справы, але так жыццё не перадаецца свету]”

, - дадаў ён.

Пантыфік заўважыў, што слова Бога дае жыццё кожнаму верніку, навучаючы адмаўляцца ад сябе, каб абвяшчаць Яго. “Яно не пакідае ў супакоі, ставіць пад пытанне. Касцёл, які жыве ў слуханні Божага слова, ніколі шукае ўласнага камфорту. Ён паслухмяны непрадказальнай навізне Духа. Ён не стамляецца абвяшчаць, не паддаецца расчараванню, не перастае спрыяць адзінству на кожным узроўні, таму што Божае слова кліча да еднасці і заклікае кожнага чалавека слухаць іншага, пераўзыходзячы ўласныя асаблівасці”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што Касцёл, які жывіцца Божым словам, жыве абвяшчаючы гэтае Божае слова. “Касцёл, які верны Божаму слову, не шкадуе дыхання, каб абвяшчаць kerigma і не чакае, што яго будуць хваліць. Боскае слова, якое паходзіць ад Айца і выліваецца ў свет, вядзе Касцёл аж да крайніх межаў зямлі. Біблія – гэта лепшая вакцына супраць закрытасці і самазахавання. Гэта слова Бога, не нашае, і пазбаўляе нас жаданне знаходзіцца ў цэнтры, бароніць ад самадастатковасці і трыумфалізма, пастаянна кліча нас выходзіць насустрач іншым”, - сказаў Пантыфік.

“[Божае слова мае цэнтрабежную сілу, а не цэнтраімклівую; падштурхоўвае выходзіць вонкі, да тых, хто яшчэ не быў дасягнуты. Яно не дае цёплага камфорту, таму што з’яўляецца агнём і ветрам: гэта Дух, які запальвае сэрца і пераносіць гарызонты, расцягваючы іх сваёй крэатыўнасцю]”

, - дадаў ён.

Францішак пажадаў, каб Біблія і жыццё былі неразлучнымі і заклікаў сваіх гасцей да малітвы. “Будзем маліцца і працаваць, каб Біблія не засталася на паліцах бібліятэк, сярод шматлікіх іншых кніг, пра якія размаўляюць, але, каб бегла па шляхах свету і была чаканай там, дзе жывуць людзі. Жадаю вам быць носьбітамі Слова, з тым жа захапленнем, пра якое чытаем у гэтыя дні ў пасхальных апавяданнях, у якіх усе бягуць: жанчыны, Пётр, Ян, двое з Эмаус... Бягуць, каб сустрэць і абвяшчаць Слова жыцця”, - сказаў Пантыфік на заканчэнне сваёй прамовы.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

26 красавіка 2019, 12:34