Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак 

Папа прывітаў удзельнікаў адкрыцця дзіцячага шпіталя ў ЦАР

Францішак скіраваў прывітальнае слова ўдзельнікам урачыстага адкрыцця дзіцячай клінікі ў сталіцы ЦАР, мадэрнізаванай пры падтрымцы ватыканскага педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesu”.

У спецыяльным відэа-пасланні, абнародаваным 2 сакавіка 2019 г., Пантыфік пажадаў, каб медыцынская ўстанова ў Бангі стала месцам, дзе заўсёды з ласкавасцю і любоўю будуць аблягчаць пакуты дзяцей і несці ім суцяшэнне.

“[Я пра вас не забыўся! Захоўваю ў сэрцы поўныя болю вочы дзяцей, што пакутуюць ад недаядання, якіх сустрэў падчас майго кароткага візіту ў шпіталь з нагоды падарожжа ў вашу краіну]”

, - падкрэсліў Пантыфік, спасылаючыся на сваю пілігрымку ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, якая прайшла ў лістападзе 2015 г.

Папа ўзгадаў словы ўрача, які суправаджаў яго падчас візіту і сказаў, што большасць з гэтых дзяцей памрэ, бо хварэе на малярыю і пакутуе ад недаядання.

“Так больш не павінна адбывацца! Безумоўна, пакуты дзяцей прыняць цяжэй за ўсё. Вялікі Дастаеўскі пытаўся: “Чаму пакутуюць дзеці?”. Вельмі часта я задаю сабе тое ж пытанне: чаму пакутуюць дзеці? І не знаходжу адказу. Толькі гляджу на Укрыжаванага і малюся аб міласэрнай любові Айца перад абліччам шматлікіх пакут”, - прызнаўся ў сваім пасланні Папа.

Святы Айцец заўважыў, што клініка – гэта “канкрэтны знак міласэрнасці”, бо менавіта ў Бангі ён урачыста адкрыў першую Браму Міласэрнасці, яшчэ да пачатку Святога Юбілейнага Года.

“[Мне прыемна думаць, што гэта Брама Міласэрнасці дагэтуль расчынена і што рака міласэрнасці нясе жыццядайную лімфу гэтаму дзіцячаму шпіталю і ўсім, хто ў ім працуе]”

, - заўважыў Папа.

Францішак заклікаў супрацоўнікаў клінікі служыць дзецям па прыкладзе евангельскага Добрага Самараніна, застаючыся “рамеснікамі міласэрнасці” і памятаючы: хто з любоўю служыць хворым, той служыць Езусу.

Відэа-пасланне Святога Айца
Навіна ў фармаце аўдыё
02 сакавіка 2019, 11:40