Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (Vatican Media)

Пантыфік: спорт вучыць не апускаць рукі, а пачынаць спачатку

Спорт вучыць не апускаць рукі, а заўсёды пачынаць спачатку, заўважыў Папа падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў кангрэса Еўрапейскага веласіпеднага саюза, якая прайшла 9 сакавіка 2019 г. у Ватыкане.

Пантыфік падкрэсліў, што спорт можа аказаць вялікую дапамогу ў развіцці чалавека, таму што вучыць даваць лепшае з сябе, быць пастаянным, гатовым да ахвярнасці і самаадрачэння. “Заняцце спортам вучыць таксама не апускаць рукі і пачынаць спачатку з рашучасцю пасля паразы ці няшчаснага выпадку”, - дадаў Папа.

Гаворачы пра веласіпедны спорт Святы Айцец зазначыў, што для яго патрэбны такія цноты, як вытрымліванне цяжкасцей, звязаных з доўгімі і цяжкімі пад’ёмамі; адвага, каб адрывацца ад супернікаў ці падымацца пасля падзення; сумленнасць, каб паважаць правілы; альтруізм і камандны дух.

“[Таксама і ў жыцці неабходна выхоўваць дух альтруізма, шчодрасці і супольнасці, каб дапамагаць тым, хто застаўся ззаду і патрабуе дапамогі для дасягнення вызначанай мэты]”

, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа нагадаў, што спартсмены маюць “надзвычайную магчымасць” перадаваць, асабліва моладзі, “станоўчыя жыццёвыя каштоўнасці і жаданне прысвяціць жыццё высокім і шляхетным мэтам”.

Святы Айцец звярнуў увагу на некаторыя з’явы, якія пагражаюць аддаленнем спорту ад яго сапраўднага паклікання “служыць развіццю і інтэгральнай рэалізацыі асобы”.

“[Калі спорт становіцца мэтай самой па сабе, а чалавек прыладай на службе іншым інтарэсам, напрыклад прэстыжу і прыбытку, тады з’яўляецца беспарадак, які робіць спорт брудным. Я думаю пра допінг, несумленнасць, адсутнасць павагі да сябе і супернікаў, карупцыю]”

, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў членаў Еўрапейскага веласіпеднага саюза быць адкрытымі на новыя напрамкі ў веласіпедным спорце, якія распаўсюджваюцца сярод новых пакаленняў. “Таксама і вас тычыцца абавязак, які Касцёл узяў на сябе праз жаданне слухаць моладзь, прымаць да сэрца іх чаканні, іх спосаб выражаць жаданне жыцця і самарэалізацыі. Трэба суправаджаць новыя пакаленні, не губляючы з вачэй здаровыя традыцыі і народную культуру, якія, у многіх краінах свету, спадарожнічаюць веласіпеднаму спорту і яго чампіёнам”, - зазначыў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 сакавіка 2019, 13:53