Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік нагадаў, якімі павінны быць палітыкі

Па ініцыятыве бразільскага епіскапату, у Папяльцовую сераду ў краіне пачалася традыцыйная “Кампанія братэрства”. Францішак звярнуўся да яе ўдзельнікаў з адмысловым пасланнем.

Сёлетняя тэма: “Братэрства і грамадская палітыка”, а дэвіз: “Будзеш вызвалены праз закон і справядлівасць” (Іс 1, 27).

Пантыфік падкрэсліў шырокія погляды бразільскіх хрысціянаў, якія шукаюць больш актыўных форм удзелу ў грамадскім жыцці і выразу канкрэтнай любові да бліжняга ў працэсе фарміравання культуры братэрства, заснаванай на праве і справядлівасці. Ён адзначыў, што хрысціяне павінны быць у грамадскім жыцці, як закваска ў цесце, каб будаваць зямную рэальнасць у адпаведнасці з Божым планам.

Францішак спаслаўся на Пія XII, які называў палітыку “высакароднай формай любові”. Ён звярнуў увагу, што ўдзельнікі афіцыйнай палітыкі павінны з запалам служыць народу, глыбока ўспрымаць яго дух і культуру, каб быць салідарнымі ў пакутах і надзеях людзей. Падкрэсліў, што палітыкі павінны ставіць агульнае дабро вышэй асабістых інтарэсаў, не могуць быць залежнымі ад фінансавых і медыя-магнатаў. “Трэба, каб яны былі кампетэнтнымі і цярплівымі ў падыходзе да складаных праблем, гатовымі слухаць і вучыцца ў дэмакратычным дыялогу, спалучаючы імкненне да справядлівасці з міласэрнасцю і прымірэннем”, - напісаў Святы Айцец у сваім пасланні.

Папа пажадаў усім, каб велікапосная “Кампанія братэрства” ў 2019 г. дапамагла хрысціянам расплюшчыць вочы і адкрыць сэрца, каб распазнаць Хрыста ў тых, хто знаходзіцца ў патрэбе і пакутуе.

07 сакавіка 2019, 11:28